Як назіраў за выбарамі Навальны і як гэта робіць апазіцыя ў Беларусі

Масквічка Юлія Архіпава ў мінулую нядзелю назірала за выбарамі ўпершыню. Зарэгістравалася ў назіральнікі Юлія ў апошні момант праз “РасВыбары” — арганізацыю, створаную штабам Навальнага акурат для недапушчэння фальсіфікацый. Гаворыць, на ўчастку магла рабіць што душы заўгодна — бачыла кожную птушачку на бюлетэнях.

“Я сядзела так, што магла бачыць усіх членаў камісіі. Я бачыла скрыню, бачыла кіраўніка камісіі, магла свабодна перамяшчацца па ўчастку. Адзіная заўвага ў мой бок прагучала, калі я блізка стаяла ад сябра камісіі. Мне сказалі “не стаяць над душой”.

У выніку ў Юліі заўваг да правядзення выбараў, прынамсі на ейным участку, няма. Адзінае — з выязным галасаваннем ёсць пытанні: бабулькі на кватэрах выглядалі загадзя загітаванымі аддаваць галасы за Сабяніна. Назіральнікі мяркуюць, што сацработнікі пастараліся.

Апісаная Юліяй сітуацыя характэрная амаль для ўсіх выбарчых участкаў Масквы. Назіральнікі ад апазіцыянера Навальнага працавалі на дзвюх трацінах з іх. “Закрыць усе ў нас не хапіла людзей — яны не хацелі знаходзіцца на ўчастках па адным, ішлі працаваць групамі”, — гавораць Еўрарадыё арганізатары назірання.

Дзве траціны закрытых назіральнікамі ўчасткаў для беларускіх выбараў — фантастыка! Сустаршыня кампаніі “За справядлівыя выбары” Сяргей Калякін прызнае, што на мінулых выбарах задачы назіраць на ўсіх участках проста… не было. Калякін мяркуе, што назірання дастаткова і на 12% участкаў. То бок назіральнікі ад апазіцыі былі толькі на кожным восьмым (!) з выбарчых участкаў.

“Ну… Мы не ставілі задачу закрыць усе участкі. Абралі іншую стратэгію — першапачаткова хацелі закрыць тысячу. Потым атрымалася каля 800. З 6800 па ўсёй краіне. Гэтага было дастаткова”.

І ўвогуле, у слабой актыўнасці назіральнікаў вінаватыя яны самі, мяркуе сустаршыня кампаніі “За справядлівыя выбары”. Маўляў, беларусы пра выбары яшчэ не ўсё зразумелі:

“Людзі нашы, беларусы, не зусім разумеюць, што вынікі выбараў вельмі моцна ўплываюць на іх жыццё”.

Пры гэтым Калякін называе неабходную апазіцыі для поўнага назірання за выбарамі колькасць людзей — 50 тысяч. Гэта ўсяго 0,7% ад выбаршчыкаў.

Фота googleusercontent.com

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі