Вы тут

Парламенцкая асамблея АБСЕ не будзе пасылаць назіральнікаў на выбары ў Беларусь

Андрэй Савіных / Еўрардыё 

Парламенцкая Асамблея АБСЕ адмовілася пасылаць назіральнікаў на прэзідэнцкія выбары ў Беларусь. Прычына — эпідэміялагічная сітуацыя ў нашай краіне. Пра гэта БЕЛТА паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных

"Я ўжо абмяркоўваў гэта з Парламенцкай асамблеяй АБСЕ. Безумоўна, мы зацікаўлены ў запрашэнні нашых калегаў. Але Парламенцкая асамблея АБСЕ ўжо сказала, што не зможа накіраваць сваіх назіральнікаў. Гэта звязана з эпідэміялагічнай сітуацыяй", — растлумачыў Андрэй Савіных.

Па інфармацыі Еўрарадыё, нягледзячы на тое, што дата выбараў была абвешчаная амаль два месяцы таму, ПА АБСЕ не атрымлівала ад беларускіх афіцыяльных асобаў запрашэння прыслаць назіральнікаў.

Спадар Савіных выказаў надзею, што атрымаецца “запрасіць парламентарыяў з СНД або на двухбаковай аснове”.

Сёння таксама стала вядома, што папярэднія вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія пройдуць 9 жніўня, могуць агучыць толькі раніцай 10 жніўня, а не ўначы, як было раней. Справа ў тым, што ЦВК пакуль не плануе адкрываць у дзень выбараў інфацэнтр для журналістаў і спасылаецца на эпідэміялагічную сітуацыю ў нашай краіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.