Навошта партыям-фантомам лічыць галасы за чужых кандыдатаў?

Партыя АГП вылучыла у дэпутаты 81 чалавека, у камісіі — 3.

Такая ж паслядоўнасць праглядаецца і з іншымі партыямі. Зусім не вылучае кандыдатаў у дэпутаты Рэспубліканская партыя, але мае 327 сваіх людзей у камісіях. Сацыяльна-спартыўная партыя вылучае толькі трох чалавек ў дэпутаты і 582 — у камісіі. Беларускія левыя "Справядлівы свет" вылучылі найбольш кандыдатаў з усіх апазіцыйных партый, а ў камісіях маюць толькі 12 чалавек.

"Мы падалі больш за 200 чалавек. Але ўключылі вельмі мала. Не плануецца нармальны падлік галасоў. Пакуль усё ідзе як звычайна. Чальцы камісій — правераныя ўладамі людзі. Мы не лічым, што будзе сумленны падлік галасоў", — кажа намеснік старшыні партыі Валерый Ухналёў.

Партый, якія не вылучаюць кандыдатаў, на думку Ухналёва — фантомы, якіх насамрэч няма. Але навошта такія партыі ўвогуле патрэбныя?

"Яны з'яўляюцца толькі падчас выбараў. Бо трэба фармальна выконваць патрабаванні Выбарчага кодэкса, дзе запісана, што траціна складу камісій павінна быць з прадстаўнікоў партый і грамадскіх аб'яднанняў. Фармальна кодэкс не парушаны. Гэта праца уладаў, бо яны фармуюць камісіі. Яны падбіраюць туды людзей, якія патрэбныя. Мы сутыкаліся з выпадкамі, калі людзі, вылучаныя праз партыі, не ведалі, што яны ў гэтай партыі".

Чаму партыі вылучаюць людзей у камісіі, але не ідуць у дэпутаты? Гэта ж палітычныя партыі! Спробы запытацца ў саміх партый скончыліся нічым. Па тэлефонах Партыі працы і справядлівасці адказвае турыстычнае агенцтва. Рэспубліканскай партыі ўжо няма па юрыдычным адрасе.

"У іх раней тут быў юрыдычны адрас. Але яны тут не знаходзяцца і ніякіх кантактаў іх у мяне няма".

Затое атрымоўваецца адшукаць Сацыяльна-спартыўную партыю. Намесніца старшыні партыі Алена Клюйкава тлумачыць Еўрарадыё, што партыя мае прадстаўнікоў ва ўсіх раённых камісіях Мінска, але вылучыла толькі двух (!) кандыдатаў у Мінгарсавет.

"Мы дастаткова спецыфічная партыя. У нас мала ў кіраўніцтве партыі і сярод членаў партыі людзей пенсійнага ўзросту, беспрацоўных. У нас у асноўным спартоўцы, былыя спартоўцы, якія займаюцца камерцыяй. У асноўнай масе партыя складаецца з людзей паспяховых і занятых у сваім бізнесе. Па вялікім рахунку, гэта не моцна некаму патрэбна".

Затое сябры партыі чамусьці актыўна ідуць у камісіі і назіральнікі.

"Мы лічым, што ў краіне павінны быць законы, і яны павінны быць аднолькавыя для усіх. Таму калі адбываюцца базісныя падзеі, якія вызначаюць законнасць усяго, што адбываецца ў краіне, а менавіта выбары, — мы ў іх па максімуме ўдзельнічаем. У нас няма карыслівых інтарэсаў. Мы хочам, каб працэдура выбараў была максімальна празрыстая".

Прыкладна тое ж патрэбна і апазіцыйным партыям, якія, да таго, ідуць на выбары.

Колькасць сябраў камісій

Колькасць кандыдатаў

Аграрная партыя

531

0

Справядлівы свет

12

88

Грамада

2

42

Сацыяльна-спартыўная партыя

582

3

КПБ

575

255

АГП

3

81

Партыя БНФ

6

27

Рэспубліканская партыя

327

0

Партыя працы і справядлівасці

699

48

Фота: Белта