Навошта Google набыў беларускі стартап, што перафарбоўвае валасы на фота

Навошта Google набыў беларускі стартап, што перафарбоўвае валасы на фота

Карпарацыя Google набыла невялікую беларускую IT-кампанію AIMatter. Стартап, заснаваны ў Мінску, быў вядомы найперш праграмай для смартфонаў Fabby, што ўмее перафарбоўваць валасы на фота.

Паспрабуем разабрацца, навошта Google набыў беларускі стартап, што перафарбоўвае валасы на фота. Найперш трэба адзначыць, што для пошукавага і Android-гіганта Fabby — гэта толькі дэманстрацыя тэхналогій, якія распрацоўвае AIMatter. Пры дапамозе гэтай праграмы беларусы даказалі, што могуць навучыць штучны інтэлект “разумець”, што выяўлена на фота.

Гэта называецца “камп’ютарны зрок” — галіна штучнага інтэлекту, якая дазваляе камп’ютарам распазнаваць аб’екты на фота і апрацоўваць малюнкі. Нейронныя сеткі імкнуцца “глядзець” на здымкі чалавечымі вачыма, а вышэйшы пілатаж — навучыць іх ацэньваць і апрацоўваць выявы хутчэй і больш дасканала, чым гэта робяць людзі. Сайт TechCrunch сцвярджае, што Google зацікаўлены ў развіцці гэтага накірунку, і набывае AIMatter, каб з яго дапамогай працягваць уласныя распрацоўкі.

Навошта Google набыў беларускі стартап, што перафарбоўвае валасы на фота

“Прыкладна год таму я распавядаў у інтэрв'ю, што мы хочам зрабіць так, каб можна было запускаць нейронныя сеткі проста на мабільным тэлефоне, — каментуе для TUT.by продаж AIMatter адзін з заснавальнікаў праекта Юрый Мельнічак. — І няхай у такіх сетак абмежаваная магутнасць (яны не больш “разумныя” за мозг мурашкі), але магчымыя вельмі розныя прымяненні. Мы выпусцілі некалькі забаўляльных праграм, якія дэманструюць незвычайныя прымяненні, напрыклад, выразанне фону і перафарбоўванне валасоў”.

“Мы стварылі вельмі эфектную тэхналогію сегментацыі валасоў на струменевым відэа, дадае CEO праекта Андрэй Кулік. — Яна таксама працуе непасрэдна на мабільнай прыладзе. Мы прадэманстравалі яе на прыкладзе падбору колеру прычоскі ў праграме Fabby Look. Таксама AIMatter атрымала поспех у галіне паляпшэння якасці малюнкаў пры дапамозе штучнага інтэлекту”.

Як Google будзе выкарыстоўваць тэхналогіі AIMatter, пакуль няясна. Супрацоўнікі беларускай кампаніі адказаў на гэтае пытанне не даюць. Дарэчы, TechCrunch мяркуе, што большасць супрацоўнікаў AIMatter пяройдзе працаваць у Google. Дзе яны пры гэтым будуць знаходзіцца геаграфічна, таксама не вызначана, аднак выданне адзначае, што сёння ў AIMatter працуюць спецыялісты з Мінска, Сан-Францыска і Цюрыха.

Чуткі пра здзелку хадзілі яшчэ ў траўні, але афіцыйнае пацвярджэнне з’явілася толькі сёння. Умовы, на якіх Google набыў беларускую кампанію, не паведамляюцца. Вядома, што праграма Fabby, у якой на гэты момант ужо ёсць больш за 2 млн. спамповак, будзе працягваць працаваць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі