Наваполацкага міліцыянта, які заявіў пра сыход на знак пратэсту, судзілі

Наваполацкага міліцыянта, які заявіў пра сыход на знак пратэсту, судзілі

У Наваполацку затрымалі капітана міліцыі, супрацоўніка дэпартамента аховы Ягора Емяльянава. 11 жніўня ён размясціў у Instagram пост, у якім заявіў пра сваё звальненне. Мужчына паведаміў, што сыходзіць са службы на фоне масавых пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. "17 гадоў службы скончаныя. Маё сумленне чыстае. Міліцыя з народам", — напісаў Емяльянаў. 

У Дэпартаменце аховы кажуць, што капітан звольнены за прагул. "Ягор Емяльянаў сапраўды праходзіў службу ў органах унутраных спраў. 11 жніўня ён звольнены ў сувязі са здзяйсненнем правіны, прадугледжанай кантрактам аб службе — за прагул", — заявіла ў каментары парталу TUT.by афіцыйная прадстаўніца групы інфармацыі і грамадскіх сувязяў Дэпартамента аховы МУС Алена Білая.

Жонка Ягора, Марына Емяльянава, кажа, што ўвечары 11 жніўня, калі муж падаў рапарт на звальненне і размясціў допіс у сацсетках, яго затрымалі. 

Па словах жанчыны, муж не хацеў ісці душыць пратэсты, але зразумеў, што гэтым разам адседзецца ў аддзеле не атрымаецца. "Ён абраў другі варыянт, бо заўсёды стараўся максімальна пазбягаць сітуацый, дзе трэба выходзіць на вуліцы са шчытамі і разганяць сваіх жа людзей. Але потым зразумеў, што на гэты раз не атрымаецца гэтага пазбегнуць. А невыкананне загаду — гэта крымінальная адказнасць. У Ягора абвостранае пачуццё справядлівасці: калі ён лічыць, што так рабіць няправільна, то ён так рабіць не будзе. І раніцай 11 жніўня, прыйшоўшы са змены, ён прыняў рашэнне звольніцца. Сабраўся і паехаў на працу — падаць рапарт і аддаць пасведчанне", — распавядае жанчына.

Для сям'і гэты было няпростае рашэнне. У 2016 годзе Емяльянаў атрымаў 5000 рублёў за падаўжэнне кантракту. Калі не дапрацаваць да канца тэрміну, то гэтую суму трэба вярнуць. У сям'і двое дзяцей і крэдыт на кватэру. 

Потым Ягора выклікалі ў міліцыю, каб аформіць звальненне, і адтуль ён паведаміў жонцы, што яго затрымалі. "12 жніўня супрацоўнікі ГАУС мне паведамілі, што з маім мужам усё добра, дазволілі перадаць яму перадачу. Але ў чым яго абвінавачваюць, мне не сказалі", — кажа Марына Емяльянава.

Як перадае Бі-Бі-Сі, 13 жніўня над Емяльянавым адбыўся суд — яго вінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў. Суд апраўдаў экс-міліцыянта. 

У Гомелі ўчастковы інспектар Іван Колас запісаў відэазварот да калег з просьбай не ўжываць сілу супраць бяззбройных людзей.

"Калегі, мы пакляліся з вамі абараняць беларускі народ. Але замест гэтага адстойваем інтарэсы толькі аднаго чалавека, які гвалтоўна захапіў уладу і цяпер не мае смеласці спыніць кровапраліцце, вярнуць уладу народу. Калегі! Я заклікаю вас спыніць гэты гвалт і не настаўляць зброю на мірных бяззбройных грамадзян", — звяртаўся Іван Колас.

Ён заявіў, што не звальняецца з міліцыі, але не будзе выконваць злачынныя загады. Пасля гэтага дадому да яго прыходзілі калегі, але Колас іх не пусціў. 

"Да мяне ўжо прыходзілі пад падставай забраць пасведчанне і жэтон. І пагаварыць. Я ім усё скінуў з балкона. Прыязджалі на дзвюх машынах — адна з'ехала, адна засталася", — распавёў Іван журналістам.

TUT.by  таксама паведамляе, што пасля масавых затрыманняў і збіцця дэманстрантаў у Ленінскім РАУС Брэста рапарты на звальненне падалі чатыры міліцыянты.

Наваполацкага міліцыянта, які заявіў пра сыход на знак пратэсту, судзілі
Фота з Instagram Ягора Емяльянава, якое выклікала незадавальненне яго начальства

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі