НАУ просіць ЗША закрыць Лукашэнку доступ да сродкаў МВФ

Будынак Кангрэса ЗША / Reuters​
Будынак Кангрэса ЗША / Reuters​

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ) накіравала ў Кангрэс ЗША ліст, у якім сфармулявала шэраг санкцый, увядзенне якіх, як мяркуецца, зможа паўплываць на рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Пасланне адрасаванае нядаўна створанай групе "Сябры Беларусі" Кангрэса ЗША, паведаміў кіраўнік НАУ Павел Латушка.

На думку НАУ, калі ЗША хочуць узмацніць ціск на беларускі рэжым, яны павінныя:

• закрыць для Лукашэнкі доступ да крэдытаў МВФ;

• выключыць кіраўніка Нацбанка Беларусі Паўла Калаўра і міністра фінансаў Юрыя Селіверстава з Рады кіраўнікоў МВФ;

• замарозіць карэспандэнцкія рахункі дзяржаўных банкаў Беларусі;

• накласці санкцыі на Мазырскі НПЗ і "Беларуськалій", а таксама далучыцца да сектаральных санкцый ЕС і пашырыць іх;

• блакаваць спробы ўхілення ад санкцый, у тым ліку за кошт Расіі.

Пра стварэнне ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэса ЗША групы "Сябры Беларусі" стала вядома на мінулым тыдні. У кокус увайшлі кангрэсмены Біл Кіцінг, Марсі Каптур (прадстаўнікі дэмакратычнай партыі), Крыс Сміт і Джо Уілсан (з Рэспубліканскай партыі). Мяркуецца, што на гэтым тыдні з чальцамі кокуса сустрэнецца Святлана Ціханоўская.

Пра гатоўнасць ЗША пашыраць санкцыі супраць Беларусі напярэдадні заявілі ў Белым доме і ў Сенаце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі