НАТА нічога не можа рэальна зрабіць у Грузіі. Але толькі пакуль

Расія ў зоне грузінска-асяцінскага канфлікту карыстаецца формулай “4 на 10”, а гэта значыць, што будзе выводзіць свае войскі яшчэ вельмі доўга. Так лічыць палітолаг Дзяніс Мельянцоў, які аналізуючы вынікі аўторкавай экстранай нарады міністраў замежных справаў краінаў-чальцоў НАТА мяркуе, што Грузія ўсё ж далучыцца да Альянсу, нягледзячы на невыразнасць гэтай перспектывы сёння. ЕРБ: Што робіць Расія ў Грузіі зараз? Яны падпісалі перамір’е, пагадзіліся на прыпыненне агню і вывад войскаў, што не раз дэкларавалі. Чаму пры гэтым працягваюцца нейкія дзеянні?

Дзяніс Мельянцоў (Д.М.): Проста так адвесці свае войскі за грузінска-расійскую мяжу азначала б, што Расія саступіла НАТА, Еўрасаюзу і іншым міжнародным структурам, якія заклікалі Расію вывесці войскі. Для Расіі важныя гарантыі таго, што Грузія не будзе здольная прадпрыняць нейкіх мераў па рэінтэграцыі той самай Паўднёвай Асеціі. Зараз вялікая праблема заключаецца ў тым, чые войскі будуць там стаяць у якасці міратворцаў. Для Расіі важна захаваць сваю прысутнасць у Паўднёвай Асеціі, таму вывад войскаў будзе як мага больш зацягвацца. Ёсць такі шырокавядомы прынцып 4 на 10. Для таго, каб правесці міратворчую аперацыю, трэба 10 хвілінаў на зборы, 10 хвілін на разгортванне, 10 хвілін на міратворчую аперацыю і 10 гадоў для таго, каб сысці. Нешта падобнае будзе і ў гэтым выпадку. Пад ціскам міжнароднай супольнасці Расія хутчэй за ўсё вывядзе свае войскі з тэрыторыі Грузіі, але, хутчэй за ўсё, застанецца ў Паўднёвай Асеціі.

ЕРБ: Генсек НАТА заявіў пра тое, што вайсковай дапамогі Грузіі ці Паўднёвай Асеціі НАТА быць не можа, бо НАТА не мае там вайсковага мандату. Адпаведна, не можа ўвесці і сваіх міратворцаў. Што ў такім выпадку НАТА можа рэальна зрабіць?

Д.М.: Як вядома, НАТА – гэта не толькі ваенны блок, гэта яшчэ і палітычная арганізацыя. НАТА не мае вайсковага мандата на Каўказе, таму ні пра якія вайсковыя аперацыі з удзелам НАТА не можа быць гаворкі, аднак гэта не азначае, што палітычна НАТА не будзе ўздзейнічаць на гэты працэс. Падчас сённяшняга паседжання было абвешчана, што альянс падтрымлівае Тбілісі. Гэта па-першае. Па-другое, асобныя краіны НАТА ужо працуюць з гэтым канфліктам як пасярэднікі: гэта і Францыя, і Нямеччына. Ну і, натуральна, інфармацыйна, паколькі сёння Схэфер дастаткова абцякальна, але ўсё ж такі сказаў, што Грузія будзе прынятая ў НАТА. Пра гэта ж заявіла крыху раней Ангела Мэркель.

ЕРБ: Ці ёсць верагоднасць таго, што ў перспектыве ў гэты канфлікт усё ж такі могуць уключыцца Штаты ці НАТА?

Д.М.: Я лічу, што гэта абсалютна выключана. Максімум, што сабе могуць дазволіць Штаты і Еўрапейскі саюз – гэта накладанне палітычных, магчыма, нейкіх эканамічных санкцыяў. Не больш за тое.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі