Насядзеўшыся ў Facebook, мастачка Капуснікава збегла да трактарыстаў

Усяго два гады таму беларуская мастачка Жанна Капуснікава сядзела і літаральна малявала “Фэйсбук” — рабіла яркія партрэты сваіх сяброў па сацыяльнай сетцы. Але раптам здарылася…
 
Новая выстава, якая адчынілася ў музеі Савіцкага ў Мінску, распавядае пра жыццё, далёкае ад гаджэтаў і тэхналогій. Пра вёску і яе жыхароў: трактарыстаў, даярак, ахоўнікаў, бульбяных фей.
 
 
“Менавіта “здарылася”, — пацвярджае Еўрарадыё Жанна Капуснікава. — Гэта адчуванне нацыянальнай самаідэнтыфікацыі мяне проста насцігла і накрыла. І я не ведаю, адкуль гэта ўзялося. Падазраю, насенне занесена было падчас майго супрацоўніцтва з Мулявіным”.
 
З Мулявіным Жанна Капуснікава працавала яшчэ ў 1990-х — рабіла беларускія строі для канцэртаў. А зерне прарасло толькі цяпер. І адразу выспела, і ператварылася ў вялікую выставу на некалькі дзесяткаў вялікіх палотнаў пад агульнай канцэпцыяй “Дажынкі”.
 
Мастачка настойвае, што больш удалай назвы няма. Гэтае слова адлюстроўвае спрадвечнае свята збору ўраджаю і яе фантазію на гэтую тэму.
 
 
“Мне тут ужо кажуць, ты ходзіш па лязу нажа. А што такога? У мяне няма ні фігі ні каменя ў кішэні! — тлумачыць мастачка. — Ці яшчэ пыталі: а вы выставу наўмысна да дзяржаўнага свята “Дажынкі” прымеркавалі? Ды не наўмысна! Мы проста разам. Дзяржава робіць, а я што, не магу?”
 
На карцінах намаляванае простае сялянскае жыццё. Але ўсё ж такі яно не сапраўднае. Занадта добрае, занадта шчырае, нават у занадта яркіх колерах. Мастачка ніколі не жыла ў вёсцы.
 
“Шчыра, я не ведаю, як там у іх усё, але пакуль і не хачу ведаць. Пакуль. Можа, мне захочацца паездзіць у экспедыцыі, але не цяпер”, — прызнаецца Жанна Капуснікава. І дадае, што тое, што яна намалявала — не рэквіем па сельскім жыхары, а, наадварот, ода.
 
 
“Мне хочацца змяніць стаўленне гарадскіх людзей да сельскага жыхара. Мне хочацца зблізіць нас усіх, — агучвае мастачка сваю ўтопію і кажа, што з гэтай тэмы, на якую яна трапіла, ёй не хочацца больш вылазіць. — А “Фэйсбук” як праект для мяне ўжо і абясцэніўся”.
 
 
Больш фота з адкрыцця выставы ў Фэйсбуку Еўрарадыё.
Новости других медиа
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі