Настаўніка судзяць за паказ вучням роліка “Конституция ушла в проституцию!”

Настаўніка судзяць за паказ вучням роліка “Конституция ушла в проституцию!”

У судзе Смаргонскага раёна пачаўся працэс над настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства Андрэем Пятроўскім. 46-гадовага настаўніка гімназіі вінавацяць у паклёпе на прэзідэнта (ч. 1 арт. 367 Крымінальнага кодэкса).

Падставай стаў відэаролік “Конституция ушла в проституцию!” з лагатыпам канала, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім. У сакавіку Пятроўскі паказаў гэты ролік 11-класнікам. Сярод вучняў быў сын мясцовай чыноўніцы, якія зняў гэта на мабільнік і выклаў у "сямейны чат". Пасля гэтага Пятроўскага звольнілі з гімназіі і пачалі крымінальную справу. 

Былы настаўнік знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, яму пагражае да пяці гадоў калоніі. Сваёй віны ён не прызнае.

Як паведамляе "Вясна", справу разглядае суддзя Людміла Міхневіч, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Андрэй Клышэвіч

Абвінавачанне кажа, што настаўнік паказаў вучням ролік напярэдадні Дня Канстытуцыі на ўроку грамадазнаўства. Тэма ўрока была “Сістэма міжнародных зносінаў”. Як заяўляе следства, ролік "змяшчае заведама ілжывую інфармацыю, якая ганьбіць прэзідэнта". У роліку ёсць выказванне “крывавы дыктатар", а таксама гаворыцца, што Лукашэнка як гарант Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна на выконвае наступныя артыкулы Канстытуцыі: 7 (вяршэнства права); 13 (гарантыі з боку дзяржавы права працоўных прымаць удзел у кіраванні прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі, з мэтай павышэння эфектыўнасці іх працы і паляпшэння сацыяльна-эканамічнага ўзроўню жыцця); 18 (Рэспубліка Беларусь мае на мэце зрабіць тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай), 24 (права кожнага на жыццё), 25 (ніхто не мусіць зазнаваць катаванні, жорсткае, бесчалавечнае абыходжанне ці пакаранне, якое прыніжае яго чалавечую годнасць), 26 (ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі яго віна не будзе ў вызначаным законам парадку даказана і ўстаноўлена прысудам, які набыў законную моц), 30 (права грамадзян на свабоднае перамяшчэнне па краіне і за яе межы), 33 (кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх вольнае выказванне), 35 (гарантыя свабоды сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, не парушаючых правапарадак і правы іншых грамадзян краіны), 41 (права грамадзян на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў, уключаючы права на аб’яднанне у прафесійныя саюзы, заключэнне калектыўных дамоваў (пагадненняў) і права на страйк), 79 (прэзідэнт павінен гарантаваць захаванне Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна). 

На судзе Пятроўскі патлумачыў свае думкі пра парушэнне Канстытуцыі ў краіне. Ён сказаў, што склаў меркаванне з публікацый у СМІ.

Экс-настаўнік згадаў прыклад з Віктарам Бабарыкам, якога ў дзяржаўных СМІ яшчэ да суда называлі злачынцам, парушаючы артыкул 26 Канстытуцыі (прэзумпцыя невінаватасці). Пракурор Клышэвіч заявіў, што не ведае такіх фактаў і прапанаваў прадставіць інфармацыю, дзе і калі гэта адбылося.

Таксама Пятроўскі згадаў забарону арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу вяртацца на радзіму з-за мяжы (парушэнне артыкула 30 Канстытуцыі). Пракурор заявіў, што чуў пра гэта, але не бачыць ніякага парушэння. 

Суд працягваецца, апытваюцца сведкі

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі