Настассі Навоевай, якую асудзілі за “збіццё міліцыянера”, вярнулі дзяцей

Настассі Навоевай, якую асудзілі за “збіццё міліцыянера”, вярнулі дзяцей

Жыхарцы Бабруйска Настассі Навоевай, якую асудзілі за “збіццё міліцыянера”, вярнулі дзяцей. Яшчэ 4 сакавіка суд Бабруйска пастанавіў вярнуць малых Івана і Ульяну бацькам. Пакуль Навоева і яе былы муж Генадзь Гарленка 10 дзён чакалі, каб пастанова набыла моц, раённы аддзел адукацыі запрасіў з суда матывіровачную частку прысуду. Давялося чакаць яшчэ больш. Бацькі хваляваліся, што чыноўнікі задзейнічаюць увесь магчымы рэсурс, каб не вяртаць дзяцей. Але 30 сакавіка Настасся Навоева змагла забраць Івана і Ульяну з сацыяльнага прытулку.

“Прынятае рашэнне суда ніхто не адмяняў, ніхто не звяртаўся з касацыйнай скаргай, таму рашэнне набыло моц. Усе правы Навоевай у дачыненні да дзяцей узноўленыя”, — паведамляе вядучы спецыяліст суда Бабруйска Алена Сакалоўская.

Сама Навоева трубку не здымае. На званок журналіста адказвае яе сын Іван, які пару гадзін таму пакінуў сацыяльны прытулак.

“Мы ўжо на вуліцы гуляем, але мама занятая, я ёй перадам, што вы тэлефанавалі”, — ветліва паведамляе дзіця.

Паводле рашэння бабруйскага суда, аддзел адукацыі спорту і турызму Ленінскага раёна Бабруйска не толькі прайграў справу, але і павінен кампенсаваць выдаткі на ўтрыманне дзяцей у сацыяльным прытулку.

Канкрэтную суму чыноўнікі Еўрарадыё не назвалі. Але, па ідэі, сума можа быць большай за 20 мільёнаў рублёў.

Пра гэтую гучную гісторыю стала вядома ў верасні 2015 года. Рабочую з бабруйскага завода “Белшына” Настассю Навоеву змясцілі ў СІЗА пасля канфлікту з участковым. Міліцыянера ў сваю чаргу выклікалі лекары бабруйскага дзіцячага шпіталя, якія адмаўляліся вяртаць дзяцей маме. Пазней за канфлікт з участковым Навоева была асуджаная, трапіла пад амністыю і пазбегла адбыцця пакарання ў месцах абмежавання волі.

Пакуль у дачыненні да яе вялося следства, чыноўнікі з аддзела адукацыі спорту і турызму Ленінскага раёна Бабруйска вырашылі змясціць дзяцей Навоевай, Івана і Ульяну, у сацыяльны прытулак, потым канчаткова забраць іх у маці і пазбавіць правоў бацьку. Аднак суд Бабруйска вырашыў, што чыноўнікі змясцілі дзяцей у прытулак незаконна.

Навоева і Гарленка — рабочыя “Белшыны”, якія не з’яўляюцца алкаголікамі ці наркаспажыўцамі. Таму спроба адабраць у іх дзяцей выклікала абурэнне ў грамадстве. З іншага боку, Навоева паводзіць сябе вельмі бескампрамісна і неабачліва, таму, верагодна, прэтэнзіі да яе ўзніклі не на пустым месцы. Тым не менш, атрымліваецца, чыноўнікі праявілі празмерную жорсткасць і негуманнасць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі