Офіс Ціханоўскай — пра абмен зняволенымі паміж Расіяй, ЗША і Германіяй

У Беларусі амаль 1400 палітвязняў

У Беларусі амаль 1400 палітвязняў / shutterstock / Fanni_2021

Офіс Святланы Ціханоўскай пракаментаваў маштабны абмен зняволенымі паміж Расіяй, ЗША і Германіяй, які адбыўся 1 жніўня. "Мы не ўдзельнічалі ў гэтых перамовах, і маем абмежаваную інфармацыю, — гаворыцца ў заяве. — На жаль, у нас няма сведчанняў, што гэты абмен мог бы прывесці да вызвалення беларускіх палітвязняў. Відавочна, што гэта былі перамовы з Масквой, і Беларусь у іх не ўдзельнічала".

У аэрапорце Анкары ў абмене ўдзельнічала 26 чалавек: з Расіі вывезлі палітвязняў, з краін Захаду — асуджаных расійскіх разведчыкаў і агентаў. На радзіму вернецца і асуджаны ў Беларусі на смяротнае пакаранне і памілаваны немец Рыка Крыгер

Офіс Ціханоўскай вітае факт вызвалення палітвязняў з расійскіх турмаў. Ён лічыць, што гэта "важны прэцэдэнт, які дапаможа і ў вызваленні беларусаў". "Натуральна, абмен дзеля вызвалення прадугледжвае, што ёсць на каго ці што абменьваць. І гэта адрознівае беларускую сітуацыю ад расійскай", — адзначаецца ў заяве.  

У Беларусі на сённяшні дзень амаль 1400 палітвязняў. Сярод іх — лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі.

"Мы карыстаемся кожнай магчымасцю, кожным інструментам, каб выцягнуць нашых людзей з турмаў, — адзначае Офіс Святланы Ціханоўскай. — Мы ставім гэтае пытанне рэгулярна перад заходнімі партнёрамі. У нас адбываюцца кансультацыі ў самых розных фарматах, натуральна, непублічна. І мы ведаем, што робяцца самыя розныя намаганні па вызваленні беларусаў. На жаль, праблема не з боку заходніх партнёраў, а з боку рэжыму, які не зацікаўлены ў вызваленні людзей, і адкрыта гэта дэманструе".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі