Вы тут

Наста Дашкевіч — пра суд над мужам: замест пытанняў сказаў, што моцна мяне кахае

Сям'я Дашкевічаў / facebook.com/nasta.dashkevich

Наста Дашкевіч распавяла ў Фэйсбуку, як праходзіў суд над яе мужам. 

Змітра Дашкевіча затрымалі 23 сакавіка, а 24-га асудзілі на 15 сутак. 

"Яго абвінавацілі ў тым, што ён адмаўляўся адкрыць дзверы кватэры. Што канешне, не з'яўляецца праўдай, паколькі сустрэўся Зміцер з мужчынамі ў балаклавах на лесвічнай пляцоўцы, калі выйшаў з кватэры ўслед за дзецьмі, каб весці іх на заняткі. Зміцер сказаў, што бачыў аднога хлопца на Акрэсціна, які не адкрыў дзверы, дык у таго твар зараз сіні, а ў яго жонка на 6-м месяцы і маленькія дзеці, не мог падвяргаць іх такой небяспецы", — піша Наста.

Па яе словах, Зміцер звяртаўся да суддзі і нагадваў, што яна нясе адказнасць не толькі перад людзьмі, але і перад Богам. "Нагадаў, што, выносячы несправядлівы прысуд, яны не проста падвяргаюць чалавека арышту, але адпраўляюць на катаванні: 10 чалавек у 2-мясцовай камеры, без матрацаў і сродкаў гігіены, як мужчыны так і жанчыны. І ён кожны раз нагадвае пра гэта і хоча, каб яны чулі", — распавядае жонка актывіста.

Толькі адзн раз Дашкевіч на судзе цяжка ўздыхнуў, адзначае жонка: "Але Зміцер быў такі прыгожы і такі спакойны. І толькі аднойчы ён цяжка ўздыхнуў, калі замест пытанняў да мяне як сведкі прамовіў, што ён моцна мяне кахае, справіцца з усім і адное яго хваляванне за мяне".

У сям'і Дашкевічаў трое дзяцей, і яны чакаюць нараджэння чацвёртага. 

Тым часам сілавікі паведамлялі, што на Змітра Дашкевіча рыхтуюцца пачаць (або пачалі) крымінальную справу за ўдзел у акцыях пратэсту 2020 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.