"Нармандская чацвёрка" абмеркавала ўвядзенне міратворцаў на Данбас

У Берліне прайшлі перамовы міністраў замежных спраў Украіны, Нямеччыны, Францыі і Расіі ("нармандскай чацвёркі"), прысвечаныя сітуацыі на Данбасе. Яны працягваліся каля 5 гадзін. Разглядалася выкананне Мінскіх пагадненняў і наступныя магчымыя крокі канфліктуючых бакоў. ВВС адзначае, што калі раней была дасягнутая дамоўленасць пра адвод на Данбасе на 50 км цяжкіх узбраенняў (напрыклад, артылерыйскіх сістэм калібрам 100 мм і вышэй), дык цяпер міністры дамовіліся разгледзіць адвод бакамі танкаў і ўзбраенняў калібрам меньш за 100 мм. А гэта пашырае Мінскія пагадненні.

На сустрэчы міністраў замежных спраў гаворка ішла і пра магчымасць увядзення на Данбас міратворцаў. З такой прапановай раней выступіў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка. Але, як можна меркаваць, гэтая прапанова ўкраінскага боку пакуль не знайшла падтрымкі ў Нямеччыны, Францыі і Расіі. Праўда, міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін сказаў, што дыскусія па гэтым пытанні працягнецца ў будучым.

Была дасягнутая дамоўленасць пра стварэнне чатырох рабочых груп, якія будуць сачыць за ўрэгуляваннем сітуацыі на Данбасе: па бяспецы, палітычным працэсе, гуманітарных і эканамічных пытаннях.

Нагадаем, нягледзячы на перамір'е на Данбасе, у раёне Данецка і Марыупаля працягваюцца перастрэлкі і нават баі паміж баевікамі і ўкраінскімі войскамі. Страты ёсць з абодвух бакоў.

Фота: АР

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі