Нарколаг: Спажыванне алкаголю ў Беларусі павялічваецца катастрафічна

“Няўзброеным вокам бачна, што спажыванне алкаголю павялічваецца. Прычым, я б нават сказаў, што катастрафічна павялічваецца”, — кажа Еўрарадыё нарколаг адной са сталічных клінік Вячаслаў Пятроў.

Размаўляем з урачом пра вынікі даследавання Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Згодна з імі, Беларусь выйшла на першае месца ў свеце па спажыванні алкаголю ― ажно 17,5 літраў чыстага спірту за год на кожнага старэйшага за 15 гадоў. А для мужчын увогуле 27,5 літраў. Калі перавесці ў алкагольныя напоі, то выйдзе, што кожны беларускі мужчына ва ўзросце ад 15 гадоў за год выпівае 550 літраў піва, альбо 210 літраў віна, альбо 70 літраў гарэлкі. У дзень, адпаведна, амаль паўпляшкі гарэлкі, і тры пляшкі піва. Няслаба.

Цікава, што дадзеныя Белстата адрозніваюцца ад лічбаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Нашы спецыялісты ацэньваюць спажыванне алкаголю ў Беларусі на ўзроўні крыху больш за 12 літраў у год на чалавека. У самім Белстаце Еўрарадыё паведамляюць, што лічаць па продажы.

“Мы лічым сыходзячы з продажу. Атрымоўваецца 12,6 літра на чалавека”.

Ёсць і яшчэ адрозненні ― СААЗ разлічвае спажыванне алкаголю на ўсё насельніцтва, старэйшае за 15 гадоў. А Белстат ― уключна з немаўлятамі. Адпаведна, беларускія дадзеныя будуць менш дакладнымі. І больш прывабнымі для дзяржавы.

“Ну, дапусцім, што яны аб’ектыўныя... Але няўжо яны зацікаўленыя ў высокіх лічбах? Вядома, што не. Яны зацікаўленыя ў нізкіх лічбах. Гэта ж дзяржаўная ўстанова і замова дзяржаўная. Як гэта будзе выглядаць?” — мяркуе урач-нарколаг.

Тым часам у Беларусі збіраюцца забараніць продаж алкаголю ўсім, каму менш за 21 год. Законапраект ужо на разглядзе ва ўрадзе. Ініцыятарам выступае Міністэрства унутраных спраў. Калі законапраект не вернуць на дапрацоўку, то забарона ўступіць у сілу ўжо з наступнага года. Але як паўплывае гэта на непрыемную для Беларусі статыстыку, сказаць цяжка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі