Вы тут

Наркагандляр пазнаў шклоўскага міліцыянта па ніку ў Telegram: "Шкада хлопца"

Фота з асабістага архіва Максіма Іванова

10 лютага ў Віцебску затрымалі двух наркакур’ераў. Інфармацыя пра гэта спачатку з’явілася ў “Тэлеграме”, а пасля на сайце віцебскай міліцыі. Што праўда, у паведамленнях з тэлеграм-каналах прысутнічала адна важная дэталь, пра якую прамаўчалі міліцыянты: адзін з затрыманых апынуўся іх калегам, 24-гадовым супрацоўнікам Шклоўскага РАУС Івановым М.А.

“Мы тут не фільтруем, хто затрыманы, супрацоўнік або не”

Прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданова на просьбу Еўрарадыё пацвердзіць ці абвергнуць факт затрымання міліцыянта адказала, што ўся інфармацыя, якую палічыў неабходным распаўсюдзіць МУС, ужо апублікаваная ў інтэрнэце.

“Мы тут не фільтруем, хто затрыманы, супрацоўнік або не супрацоўнік, — дадала яна. — Калі там ёсць парушэнне дзеючага заканадаўства і ёсць падставы для затрымання, дык чалавек у любым выпадку будзе затрыманы. Чым адрозніваецца супрацоўнік ад іншага чалавека? У дачыненні да яго не будзе змененае заканадаўства. У нас закон для ўсіх адзін”.

Што паведамляецца пра затрыманне наркакур’ераў: афіцыйна і не

13 лютага віцебская міліцыя паведаміла пра затрыманне наркадылера, у аўтамабілі якога была партыя мефедрону на восем тысяч долараў. Затрымалі і двух кур'ераў, якія забіралі "закладкі" са схованкі. У аднаго з іх знайшлі 29,9 грама псіхатропу альфа-PVP.

У тэлеграм-каналах з'явілася інфармацыя, што ў Віцебску з наркотыкам альфа-PVP затрымалі афіцэра міліцыі. У дакуменце "Здарэнні з асабістым складам" напісана, што 10 лютага супрацоўнікі віцебскай і магілёўскай міліцыі затрымалі аператыўнага ўпаўнаважанага аддзела крымінальнага вышуку Шклоўскага РАУС старшага лейтэнанта міліцыі Іванова М.А. 1994 года нараджэння (у органах унутраных спраў з 2011-га, на пасадзе — з 2016 года).

У яго знайшлі 29,9 грама псіхатропу альфа-PVP. Распачатая крымінальная справа. Адзначаецца, што міліцыянер у момант затрымання не быў на службе і быў у цывільным адзенні.

Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Аксана Лазько распавяла Еўрарадыё, што 10 лютага супрацоўнікі міліцыі затрымалі 24-гадовага жыхара Шклоўскага раёна:

"Пры асабістым вобшуку у яго знайшлі і канфіскавалі псіхатропнае рэчыва альфа-PVP масай больш за 29 грамаў. Віцебскі гарадскі аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу па ч. 3 арт. 328 КК РБ".

На пытанне пра тое, ці не з'яўляецца затрыманы супрацоўнікам Шклоўскага РАУС, Аксана Лазько адказала, што, пакуль ідзе следства, яна не можа выдаваць такую інфармацыю.

Тэлеграм барыгі

Па інфармацыі Еўрарадыё, адзін з затрыманых у Віцебску наркакур’ераў насамрэч з’яўляецца супрацоўнікам Шклоўскага РАУС Максімам Аляксандравічам Івановым. Прадстаўнікі сілавых ведамстваў не хочуць гэтага прызнаваць. Але мы знайшлі некалькі супадзенняў, якія прама ці ўскосна ўказваюць на тое, што з наркотыкам трапіўся менавіта Іваноў.

На старонцы Максіма Іванова “ВКонтакте” знайшоўся яго нумар тэлефона. Па гэтым нумары атрымалася знайсці акаўнт хлопца “BiLLiMiLiG” і нік “max 9379992” у “Тэлеграме”. Мы спыталі пра гэтага юзера ў адміністратара тэлеграм-крамы, якая згадваецца ў відэа Віцебскага УУС пра затрыманне наркадылера і кур’ераў.

Барыга пазнаў нік Максіма Іванова. Ён пацвердзіў, што чалавек з такім нікам працаваў у інтэрнэт-краме. Дылер не ведаў, што Іваноў быў міліцыянтам, і аказаўся не ў курсе, што два кур’еры і дылер былі затрыманыя.

Апошні раз онлайн быў 10 лютага

На асабістую старонку ў “ВКонтакте” Максім Іваноў  апошні раз заходзіў 10 лютага ў 16:03 з мабільнага тэлефона і больш не з'яўляўлся онлайн. Менавіта ў гэты дзень прайшла антынаркатычная аперацыя ў Віцебску.

Максім вучыўся ў Магілёўскім інстытуце МУС з 2011 па 2016 год. Старшага лейтэнанта ён атрымаў у 2017 годзе, пра што ёсць нататка ў шклоўскай газеце "Ударны фронт".

Бацькі Максіма — Аляксандр і Алена Івановы. Мы звярнуліся да іх па каментарый у “Аднакласніках”. Яны прачыталі паведамленне, пасля чаго заблакавалі журналіста Еўрарадыё, змянілі імёны і аватарку на іх агульнай старонцы ў сацсетцы.

У шклоўскай міліцыі сапраўды працаваў Максім Іваноў. Ён засвяціўся ў СМІ

Максім Іваноў у гэтым годзе не ўпершыню трапляе на старонкі СМІ. За два месяцы да яго затрымання з наркотыкамі на сайце 6tv.by была апублікаваная гісторыя пенсіянера са Шклоўскага раёна Леаніда Сопелева.

“Мяне ўзялі ўдваіх за абедзве рукі, павалілі мордай у зямлю. Пачалі заломваць рукі. Адзін з іх так хапануў і скруціў, што пачаўся пякельны боль. Я крыкнуў, што мне вельмі балюча, мяне адпусцілі. Потым вывалаклі на вуліцу і пасадзілі ў службовую машыну, якая стаяла непадалёк”, — распавёў Сопелеў.

Сопелева адвезлі ў Шклоўскі РАУС. Па словах Леаніда, яго допытам кіраваў начальнік аддзела крымінальнага вышуку разам з Максімам Івановым. Апошні пагражаў спачатку прыкаваць Сопелева кайданкамі да батарэі, а затым намякнуў на згвалтаванне міліцэйскай дубінкай. Ад яго хацелі дамагчыся прызнання ў здзяйсненні дробнага крадзяжу.

У дачыненні да супрацоўнікаў Шклоўскага РАУС і Максіма Іванова была распачатая праверка раённай пракуратурай і мясцовым аддзяленнем Следчага камітэта.

Больш важных падзей тыдня ў выніковай праграме ЕЎРАЗУМ: