Намінантаў “Рок-каранацыі-2007” не папярэдзілі, што яны намінаваныя

“Пра тое, што мы намінаваныя, нам ніхто не паведаміў. Мы даведаліся праз інтэрнэт,” – такі адказ мы атрымалі, калі патэлефанавалі маладым гуртам, якія ўпершыню бяруць удзел у “Рок-каранацыі”. А такіх калектываў сёлета 12. Але калі “Прарыў году” ды “Адкрыццё году” з большага намінацыі для маладых і мала вядомых, то “Традыцыя і сучаснасць” здзіўляе сваім складам.

З пяці ўдзельнікаў намінацыі толькі гурт Ur’ia з’яўляўся сярод прэтэндэнтаў “Рок-каранацыі” і ўзяў карону ў 2006 годзе.

Цікава, што пра свой удзел у “Традыцыі і сучаснасці” Юры Выдронак, вакаліст Ur’ia таксама не ведаў.

“Я не чуў якія там падзеі адбываюцца. Я не прасіў, каб Ur’ia дзе-небудзь намінавалася, бо мы прафесіянальны гурт. Я ўвогуле не люблю ўсялякія конкурсы ды намінацыі, бо журы там звычайна напаўпрафесійнае, там няма музыкаў, якія б зрабілі сабе рэпутацыю за мяжой, напрыклад. Там людзі не да канца адукаваныя і ў іх усё ідзе на ўзроўні “спадабаецца ці не спадабаецца”, ёсць нейкія стасункі паміж людзьмі, ці не”.

Гурты Testamentum Terrae і Бан-Жвірба, якія таксама будуць змагацца за карону ў намінацыі “Традыцыя і сучаснасць”, лічаць, што ўзялі іх калектывы проста для масоўкі і нічога ім не свеціць.

А вось Андрэй Палаўчэня – лідэр гурта OSIMIRA, які жыве ў Санкт-Пецярбургу, ведаў пра тое, што будзе выступаць на “каранацыі”, але пра тое, што намінаваны, пачуў ад Еўрарадыё.

Таксама Андрэй расказаў, што, ня гледзячы на адлегласць, гурт не спыніў працу, музыкі пастаянна выступаюць як у родным Магілёве, так і за мяжой нашай краіны.

Да таго ж яны рыхтуюць новы праект, які будзе не проста канцэртны, але і з нятанным сцэнічным шоў. Праўда на “Рок-Каранацыі-2007”, дзе музыкі будуць прадстаўляць фольк-сцэну, ніякіх шоў пакуль не плануецца, а прэзентацыя новага праекту адбудзецца бліжэй да “Славянскага базару”.

Таксама Андрэй Палаўчэня выказаў сваю думку наконт прычынаў “амаладжэння” намінацыі “Традыцыя і сучаснасць”:

“Гэта праца тых, хто ішоў і ідзе наперадзе нас. Гэта Хаменка, Выдронак, Вайцюшкевіч. Вельмі важна тое, што яны зрабілі на пачатку 90-х, менавіта яны паказалі нам на сваім прыкладзе, як трэба ездзіць у экспедыцыі па збору матэрыялу”.

Пра “амаладжэнне” “Традыцыі і сучаснасці,” і ці можна казаць, што сталыя гурты сдаюць пазіцыі, мы спыталі і ў 3-х разовага пераможцы намінацыі, вакаліста гурта “Палац” Алега Хаменкі:

“Сапраўды, моладзь прапанавала штосьці больш выбітнае чым, напрыклад, мой “Палац”. Мне падаецца, што як раз у гэтай намінацыі з’явілася шмат цікавых гуртоў, узровень якіх цяпер адпавядае рок-каранацыі. І мне падаецца, што гэта наадварот самы лепшы і самы слушны варыянт. Ну а казаць, што хтосьці там здаўся, гэта… Можна таксама сказаць, што і Pink Floyd здаліся”.

Яшчэ аднаму намінанту, Сержуку Сокалаву-Воюшу, мы вырашылі не тэлефанаваць, бо калі арганізатары мерапрыемства не папярэдзілі гурты-намінанты, якія жывуць у Беларусі, то пра жыхароў ЗША і размовы быць не можа.

Нагадаем, што “Рок-Каранацыя-2007” адбудзецца 29 лютага ў КЗ“Мінск”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі