Намеснік дырэктара маскоўскай крамы: Беларускае мяса больш якаснае за наша

“Гэта відавочна. У Маскве адкрыта заяўляюць — Расія незадаволеная рээкспартам з Беларусі. Незадаволеная тым, што Беларусь становіцца перавалачным пунктам для рээкспарту з тых краін, у дачыненні да якіх Крэмль увёў санкцыі”, — кажа Кірыл Коктыш.

26 лістапада Маскву наведвае беларуская дэлегацыя на чале з першым віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкам. Ён спрабуе дамовіцца з расійскім віцэ-прэм'ерам Аркадзем Дварковічам аб адмене забароны на пастаўкі беларускага мяса ў Расію. Відаць, безвынікова, бо ўжо на наступны дзень у чацвер 27 лістапада пра расійскую забарону на мяса з Беларусі даволі жорстка выказваецца кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка.

“Мяне сёння паводзіны расійскіх уладаў не проста здзіўляюць, а гнятуць… Калі ў бліжэйшы час не будзе нармалізаваны гандаль паміж дзвюма краінамі, мы вымушаныя будзем рэагаваць. Што гэта за паводзіны такія?!” — кіраўнік Беларусі відавочна не ў гуморы ад навінаў з усходу.

Тым часам намеснік дырэктара крамы “Беларускія каўбасы і далікатэсы” на Разанскім праспекце Масквы, Уладзімір, расказвае Еўрарадыё, што мясныя вырабы з нашай краіны маюць стабільны попыт у сталіцы Расіі.

“Вядома, карыстаецца попытам. Каб не карысталася, то не было б сэнсу ёй гандляваць. А па коштах — гэта залежыць ад вытворцы”, — кажа ён.

І дадае, што мясным вырабам з Беларусі, магчыма, цяжка канкураваць з элітнай расійскай прадукцыяй. Але калі браць сярэдні сегмент, то па якасці мясныя вырабы расійскіх вытворцаў саступаюць беларускім.

“Некаму падабаецца толькі таму, што гэта беларуская прадукцыя. Ну і якасць, вядома, у асноўным больш высокая, чым у расійскай. Калі браць у тым жа коштавым дыяпазоне. У расійскіх каўбас горш якасць. Калі і будзе прыблізна такой жа, то будзе больш дабавак, узмацняльнікаў смаку”, — расказваюць у маскоўскай краме.

Палітолаг Кірыл Коктыш мяркуе, што без беларускіх каўбас і мяса Масква не застанецца. Маўляў, да паўнавартаснай гандлёвай вайны паміж удзельнікамі Мытнага саюза не дойдзе.

“Мне здаецца, размова ідзе пра тое, каб даць зразумець. Не каб сварыцца, не каб уводзіць рэпрэсіі, а каб паказаць, зафіксаваць пазіцыю Масквы. Яна гэтым не задаволеная і раіць працаваць па тых правілах, якія былі зацверджаныя раней. Паўнавартаснай канфрантацыі не варта чакаць”, — кажа эксперт.

Беларусь — не адзіная краіна, якая вырашыла падзарабіць на харчовай вайне паміж Масквой і Еўрасаюзам. Пасля жніўня 2014 года гэтак жа рэзка, як з Беларусі, у Расію выраслі пастаўкі прадуктаў харчавання са Швейцарыі. Па інфармацыі Кірыла Коктыша Крэмль ужо рыхтуе абмежаванні на экспарт з гэтай нейтральнай краіны.

Каго яшчэ абмяжоўваў у пастаўках Рассяльгаснагляд

Адкуль: Еўрапейскі Саюз

Калі: З 1 ліпеня 2013

Што: Бульба, пасадачны матэрыял пладовых і дэкаратыўных культур паходжаннем з краін-членаў ЕС, за выключэннем участкаў вытворчасці на тэрыторыі Польшчы, Венгрыі і Германіі, прызнаных свабодным ад каранцінных аб'ектаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі па фітасанітарных мерах.

Адкуль: Рэспубліка Польшча

Калі: З 1 жніўня 2014

Што: Яблыкі, грушы і айва свежыя, абрыкосы, вішня і чарэшня, персікі, нектарыны, слівы і цёрн свежыя, капуста, капуста каляровая, кальрабі, капуста ліставая.

Адкуль: Рэспубліка Малдова

Калі: З 21 ліпеня 2014

Што: Яблыкі, грушы і айва свежыя, абрыкосы, вішня і чарэшня, персікі, нектарыны, слівы і цёрн свежыя, уся раслінная прадукцыя, якая паступае ў ручной паклажы і багажы пасажыраў, якія едуць з Малдовы, таксама не падлягае ўвозу на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі.

Адкуль: Украіна

Калі: З 16 чэрвеня 2014

Што: Бульба

Калі: З 28 ліпеня 2014

Што: Раслінная прадукцыя ў ручной паклажы, багажы і паштовых адпраўленнях.

Калі: З 1 жніўня 2014

Што: Бабы соевыя, сланечнік, крупы кукурузныя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі