Вы тут

НАК: да канца года плануецца скараціць кожнага пятага работніка сферы культуры

У сферы культуры плануюцца значныя скарачэнні / pixabay.com

Да канца 2021 года беларускія ўлады плануюць скараціць 20% работнікаў сферы культуры. Пра гэта паведамляе Народнае антыкрызіснае кіраванне Паўла Латушкі са спасылкай на ўласныя крыніцы. На сёння ў гэтай сферы працуюць 65,5 тысячы чалавек.

Першая з нарадаў Міністэрства культуры па пытаннях "аптымізацыі колькасці арганізацый культуры і скарачэнні штатных адзінак" адбылася 15 красавіка. 

"Апошнім разам такое масавае скарачэнне работнікаў культуры адбывалася ў 2013-2014 гадах, калі ўлады "аптымізавалі" 20% работнікаў ад штатнай колькасці ўстаноў. Як правіла, больш за ўсё ад такіх скарачэнняў пакутуюць установы ў вёсках і невялікіх гарадах. Паводле ацэнак экспертаў, за апошнія 20 гадоў зачынілася не менш за 25% сельскіх устаноў культуры", — гаворыцца ў паведамленні НАК.

Дарэчы, заробкі ў сферы культуры — адны з самых нізкіх у краіне: 55,3% ад сярэдняга заробку па Беларусі.

Паведамляецца, быццам падобныя памеры звальненняў у бюджэтных установах плануюцца і ў іншых сацыяльных сферах — адукацыя, сацыяльная абарона, спорт і г.д.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.