Нагорны знаходзіць супермадэляў у кавярнях і метро

Гуру беларускага мадэльнага бізнэсу, які прасоўвае беларускіх дзяўчат на сусветны подыум, ужо другі раз знаёміцца з будучымі супермадэлямі выпадкова за столікам. Сяргей Нагорны: "Пасля кастынгу, які праходзіў у “КЗ Мінск”, я з Канстанцінам Самарыным, які прадстаўляе амерыканскае агенцтва Fort Model, зайшлі ў рэстаран «Поющие фонтаны» і ў гэты ж час туды прыйшла Даша Аніськова са сваімі бацькамі".

Так год таму пачалася гісторыя Дар’і Аніськовай, якая на гэтым тыдні выйграла конкурс супермадэль Беларусі. Зараз дзяўчынка будзе прадстаўляць нашу краіну на конкурсе “Супермадэль свету” ў Нью-Ёрку. Пасля сустрэчы ў кавярні яна адразу ж прыйшла да Нагорнага.

Цікава, што Сяргей Нагорны сустрэў у кафе і Кацярыну Даманькову, якая ў 2006 годзе стала Супермадэллю Свету. Але з Кацяй было крыху больш складана. Яна наадрэз адмаўлялася браць візітоўку. Аднак праз тыдзень разам з бацькамі дзяўчына прыйшла ў студыю моды.


Як распавёў Еўрарадыё Сяргей Нагорны, такі пошук будучых мадэляў у кавярнях ды метро – звычайная тактыка. Калі не ён сам “выходзіць у народ”, дык гэтым займаецца спецыяльная каманда:

“Ведаеце, зараз я не вельмі часта магу знаходзіць мадэляў. Таму што ўвесь час на машыне, ужо не памятаю, калі апошні раз у метро спускаўся. Калі толькі ў кавярні якой-небудзь. У нас шмат супрацоўнікаў, і яны ўвесь час шукаюць новыя твары, дзе б яны ні знаходзіліся”.

Па словах Сяргея, дзяўчаты не палохаюцца:

“Калі іх ужо ацаніў скаўт, спецыяліст, то ёсць вялікі адсотак, што яна застанецца на подыўме”.

Фота - Яўген Грабкін

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі