Начныя абстрэлы Харкава і Запарожжа, Зяленскі у Брусэлі — 352-я раніца вайны

Уладзімір Зяленскі і кароль Бельгіі Філіп I / facebook.com/BeMonarchie
Уладзімір Зяленскі і кароль Бельгіі Філіп I / facebook.com/BeMonarchie

Ракетныя абстрэлы гэтай ноччу перажылі Запарожжа і Харкаў. Паводле інфармацыі Hromadske, выбухі таксама чулі Дняпры і Вінніцы. УНІАН адзначае, што ў раёне 4 гадзін раніцы рэжым паветранай трывогі абвясцілі ва ўсіх рэгіёнах, акрамя заходніх і Адэскай на поўдні. У некаторых раёнах працавала СПА — збівала ракеты і беспілотнікі.

Цяперашняя атака расіян на Запарожжа стала найбуйнейшай з пачатку вайны, кажа сакратар гарсавета Анатоль Курцеў. Па яго словах, было зафіксавана 17 прылётаў. Мэтай былі аб'екты энергетычнай інфраструктуры. Інфармацыя аб разбурэннях і пацярпелых ўдакладняецца, адзначыў чыноўнік.

Трапленні ў аб'екты крытычнай інфраструктуры ёсць і ў Харкаве. Пра гэта паведаміў мэр Харкава Ігар Церахаў. Ён папярэдзіў, што могуць быць перабоі з электрычнасцю, вадой і ацяпленнем. Старшыня Харкаўскай вобласці Алег Сінягубаў дадаў, што зафіксавана каля 10 выбухаў, і пацвердзіў, што ў некаторых раёнах назіраюцца перабоі з падачай электраэнергіі.

Нагадаем, пару дзён таму — у ноч на 8 лютага — расіяне таксама нанеслі ракетны ўдар па Харкаве. Патрапілі ў прамысловы аб'ект. Быў пажар.

Ночные обстрелы Харькова и Запорожья, Зеленский в Брюсселе — 352-е утро войны
У ноч на 8 лютага пажарныя Харкава змагаліся з агнём на прамысловым аб'екце, куды прыляцела расійская ракета / ДСНС Украіны

Расійскія войскі ў мінулыя суткі працягвалі наступальныя аперацыі ўздоўж лініі Сватава-Крамянная ў Луганскай вобласці, а таксама правялі абмежаваныя наземныя атакі ў заходняй частцы Данецкай вобласці і ў раёне Аўдзееўка-Данецк. Працягнулі наступальныя аперацыі вакол Бахмута. Акрамя таго, правялі абмежаваную наземную атаку ў Запарожскай вобласці. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы Інстытута вывучэння вайны.

У Генеральным штабе УСУ гэтай раніцай паведамілі, што асноўныя намаганні расіян сканцэнтраваны на наступе у раёнах Крамянной Бахмута, Аўдзееўкі, Опытнага, Мар'інкі і Углядара. Вораг задзейнічае "аператыўна-тактычную і ваенную авіяцыю для удараў па пазыцыях нашых войскаў", гаворыцца ў зводцы.

Ночные обстрелы Харькова и Запорожья, Зеленский в Брюсселе — 352-е утро войны
Карта баёў на мяжы Харкаўскай і Луганскай абласцей, і ў Данецкай вобласці / understandingwar.org

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі быў напярэдадні ў Брусэлі, абмяркоўваў ваенную падтрымку Украіны з усімі лідэрамі краін-членаў Еўрапейскага Саюза, што былі на саміце ЕС. Пра гэта паведамілі ў Офісе уркаінскага прэзідэнта. Зяленскі распавёў ім аб сітуацыі на поле бою. Ён казаў пра тое, што своечасовае прадастаўленне неабходнай тэхнікі ў патрэбных аб'ёмах дазволіць "як мага хутчэй аднавіць справядлівы свет, а таксама абараніць інтарэсы і каштоўнасці Еўропы".

Тым часам міністр абароны Нідэрландаў Кайса Оллангрэн пацвердзіла, што яе краіна атрымала запыт ад Украіны на пастаўку знішчальнікаў F-16. Але выканаць яго, па словах Оллагрэн, будзе нялёгка. Пра гэта паведамляе галандскі грамадскі вяшчальнік NOS. Нідэрланды павінны абмеркаваць гэтае пытанне з саюзнікамі і атрымаць у ЗША дазвол на рээкспарт F-16. "Мы павінны сур'ёзна зірнуць на наступствы, гэта не можа адбыцца імгненна", — адзначыла міністр. Пры гэтым Оллангрэн не выключыла, што ў доўгатэрміновай перспектыве Украіна будзе адной з краін, дзе будуць выкарыстоўвацца F-16. "Краіна ўсё роўна ніколі больш не зможа купляць расейскія знішчальнікі", — патлумачыла яна.

Зяленскі ўчора сустрэўся і з каралём Бельгіі Філіпам I. Украінскі прэзідэнт перадаў бельгійскаму манарху абломак збітага расійскага штурмавіка Су-25. Пра гэта паведаміла прэс-служба бельгійскага каралеўскага палаца. "Украінскія пілоты напісалі на ім словы "разам пераможам", — адзначаецца ў паведамленні.

Ночные обстрелы Харькова и Запорожья, Зеленский в Брюсселе — 352-е утро войны
Зяленскі перадаў бельгійскаму каралю абломак збітага расійскага штурмавіка / facebook.com/BeMonarchie

У Кітаі "вельмі занепакоеныя магчымай эскалацыяй канфлікту". Пра гэта заявіў кіраўнік прадстаўніцтва Кітая пры Еўрапейскім Саюзе Фу Цун. Ён крытычна адазваўся аб рашучасці Захаду дапамагчы Украіне дасягнуць"поўнай перамогі". Аб гэтым піша Politico. "Мы вельмі занепакоеныя тым, што людзі кажуць аб поўнай перамозе на поле бою. Мы лічым, што правільнае месца будзе за сталом перамоваў", — заявіў Фу Цун. Пры гэтым ён лічыць няправільным параўноўваць Украіну і Тайвань.

"Украінскі крызіс і тайваньская праблема — гэта дзве зусім розныя рэчы. Украіна — незалежная дзяржава, а Тайвань — частка Кітая", — адзначыў кітайскі дыпламат. Выданне таксама адзначае, што Фу Цун назваў вайну ва Украіне так званай "спецыяльнай аперацыяй", паколькі "так гэта назвалі рускія".

У Палату прадстаўнікоў ЗША ўнеслі ў рэзалюцыю аб спыненні ваеннай і фінансавай дапамогі ЗША Украіне. Аўтар ідэі — кангрэсмэн-рэспубліканец ад Фларыды Мэт Гетц. Дакумент пад назвай "стомленасць ад Украіны" падтрымалі яшчэ 10 рэспубліканцаў. У дакуменце цытуюцца службовыя асобы Пентагона, якія заяўлялі, што дапамога Украіне "істотна знясілілі запасы Злучаных Штатаў, што аслабіла гатоўнасць краіны ў выпадку канфлікту".

"Амерыка знаходзіцца ў стане кіраванага заняпаду, і ён будзе ўзмацняцца, калі мы будзем працягваць марнаваць долары падаткаплацельшчыкаў на чужую вайну", — заявіў Гетц. У той жа час Fox адзначае, што лідэры рэспубліканцаў у асноўным падтрымліваюць фінансаванне ваеннай дапамогі Украіны. На мінулым тыдні Пентагон абвясціў аб новым пакеце дапамогі для Украіны на 2,2 мільярда даляраў. Ён уключае крытычныя сродкі супрацьпаветранай абароны і процідзеяння беспілотнікам, браняваную тэхніку, супрацьтанкавыя ракетныя комплексы Javelin, артылерыйскія боепрыпасы, ракеты для HIMARS і да таго падобнае.

Ва Украіне пракаментавалі заявы прадстаўнікоў кампаніі SpaceX, што кампанія абмежавала ўкраінскім вайскоўцам доступ да спадарожнікавай сувязі Starlink для кіравання беспілотнікамі. Міністр лічбавай трансфармацыі Украіны Міхаіл Фёдараў заявіў, што праблем з працай тэрміналаў Starlink не назіраецца. Пра гэта піша "Інтэрфакс-Украіна".

"Сапраўды, некалькі месяцаў таму былі змены ў функцыянаванні geofencing. Цяпер ва Украіне не назіраецца праблем з працай тэрміналаў Starlink", — сказаў Фёдараў. Але энергетычная інфраструктура працягвае працаваць дзякуючы Starlink. "Лекары праводзяць складаныя аперацыі дзякуючы спадарожнікавай сувязі. Па ўсёй краіне разгорнутыя тысячы "пунктаў нязломнасці" з тэрміналамі Starlink", — дадаў Фёдараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі