Начны абстрэл Украіны, ёсць трапленні — 358-я раніца вайны

Расіяне выпусцілі гэтай ноччу па тэрыторыі Украіны 32 ракеты / ілюстрацыйнае фота arsenal-info
Расіяне выпусцілі гэтай ноччу па тэрыторыі Украіны 32 ракеты / ілюстрацыйнае фота arsenal-info

Гэтай ноччу паветраная трывога аб'яўлялася па ўсёй Украіне. Расіяне атакавалі дронамі і ракетамі. "На жаль, ёсць трапленні на поўначы, захадзе Украіны, а таксама ў Днепрапятроўскай і Кіраваградскай абласцях", напісаў раніцай кіраўнік Офіса ўкраінскага прэзідэнта Андрэй Ярмак. Паводле яго слоў, праціўнік змянілі тактыку: "яны праводзяць актыўную разведку, ужываюць фальш-мэты". Але ўкраінская сістэма СПА справілася з большасцю варожых ракет і беспілотнікаў, кажа Ярмак.

Усяго па Украіне было выпушчана 32 крылатыя ракеты. Гэта дадзеныя ад украінскіх Паветраных сіл. 16 ракет былі збітыя, частка дасягнула сваіх мэтаў, трапіла ў аб'екты крытычнай інфраструктуры. У прыватнасці, на поўдні Украіны былі збітыя ўсе восем расійскіх "калібраў", піша УНІАН са спасылкай на словы кіраўніка прэс-цэнтра сіл аховы і абароны Аб'яднанага камандавання "Поўдзень" Наталлі Гумянюк. 6 ракет збітыя над Мікалаеўскай, яшчэ 2 — над Херсонскай абласцямі. "На жаль, разам з гэтым вораг выкарыстаў і іншыя спосабы паражэння — гэта была міксаваная атака, у прыватнасці, з ужываннем дронаў і самалётаў стратэгічнай авіяцыі. Ведаем, што ёсць трапленні ў Львоўскай вобласці", — адзначыла Наталля Гумянюк.

У Львоўскай вобласці "было трапленне ў аб'ект крытычнай інфраструктуры", кажа кіраўнік вайсковай адміністрацыі Максім Казіцкі. Пажар патушылі. Пацярпелых або ахвяр няма.

Ночной обстрел Украины, есть попадания — 358-е утро войны
З 32 ракет, якія былі запушчаныя гэтай ноччу па Украіне, украінская СПА збіла 16 / Паветраныя сілы Украіны

На працягу апошніх сутак расіяне нанеслі 3 ракетных і 18 авіяцыйных удараў. Было зафіксавана 52 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню. Расійскія вайскоўцы стралялі па грамадзянскай інфраструктуры Данецкай і Херсонскай абласцей. Ёсць параненыя і загінулыя сярод грамадзянскага насельніцтва. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. Асноўныя намаганні расіян па-ранейшаму сканцэнтраваныя "на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім кірунках, у раёнах Гранікоўкі, Бахмута, Аўдзееўкі, Мар'інкі і Углядара", адзначаюць украінскія вайскоўцы. Па іх словах, за мінулыя суткі падраздзяленні ўкраінскіх сіл абароны адбілі варожыя атакі ў раёнах больш за 15 населеных пунктаў Луганскай і Данецкай абласцей.

У Інстытуце вывучэння вайны (ISW) мяркуюць, што вайна Расіі ва Украіне значна знясіліла расійскія рэзервы тэхнікі і жывой сілы, неабходныя для паспяховага буйнамаштабнага наступу. Эксперты прыводзяць словы міністра абароны Вялікабрытаніі Бэна Уоллеса. Ён заявіў Бі-бі-сі, што Вялікабрытанія не бачыць, каб Расія "збірала адзіную сілу для прарыву ў вялікім наступе". Замест эфектыўнага наступу расіяне спрабуюць прасунуцца на Данбасе "коштам велізарных страт". На думку Уоллеса, РФ магла прыцягнуць для вайны супраць Украіны да 97% свайго войска. Цяпер яе баяздольнасць знізілася на 40% з-за знясілення "амаль як падчас Першай сусветнай вайны".

Аб вялікіх стратах расійскай тэхнікі кажуць і ў Міжнародным інстытуце стратэгічных даследаванняў (IISS). Там лічаць, што Расія ў гэтай кампаніі страціла каля 50% сваіх танкаў Т-72Б і т-72б3м, а таксама шмат танкаў Т-80. У выніку расійскія вайскоўцы вымушаныя пераходзіць на больш старую тэхніку. У гэтай сувязі эксперты ISW адзначаюць, што своечасовыя пастаўкі заходніх танкаў і бронетэхнікі ва Украіну яшчэ больш аслабяць здольнасць Расіі весці механізаваную вайну.

"У Украіны, верагодна, па-ранейшаму ёсць магчымасць пачаць буйнамаштабныя контрнаступленні на працягу наступных некалькіх месяцаў, але яе здольнасць зрабіць гэта, верагодна, шмат у чым залежыць ад хуткасці і маштабу, з якімі Захад дае ёй неабходную тэхніку, асабліва танкі і бронетэхніку", кажуць у ISW.

Ночной обстрел Украины, есть попадания — 358-е утро войны
Карта баёў у Харкаўскай, Луганскай і на поўначы Данецкай вобласці / understandingwar.org

Нідэрланды не адмаўляюцца ад перадачы Украіне танкаў Leopard 2, якія яны арандуюць у Германіі. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на прэс-сакратара Міністэрства абароны Нідэрландаў Сашу Луўхоф. Раней аб скасаванні пастановы перадаць танкі Украіне пісала нямецкая газета Die Welt. У Міністэрстве абароны Нідэрландаў кажуць, што гэта не так.

"З Германіяй было вырашана, што танкі з іншага батальёна лепш падыходзяць для дастаўкі ва Украіну. Калі б Германія вырашыла адправіць танкі з нашага двухнацыянальнага батальёна, мы не процідзейнічалі б гэтаму", — патлумачыла прэс-сакратар Мінабароны Нідэрландаў. Паводле яе слоў, Амстэрдам не будзе супраць, калі Германія вырашыць даслаць танкі з Нідэрландаў, пазней.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў традыцыйным відэазвароце казаў аб тым, што будучую вясну трэба зрабіць "такой, каб сапраўды адчувалася, што Украіна рухаецца да перамогі". Паводле яго слоў, гэта датычыцца і падрыхтоўкі ўкраінскіх Сіл абароны, і паставак зброі, і стратэгічнай ініцыятывы ў вайне.

"Любыя спробы Расіі перахапіць ініцыятыву павінны зламаць. І ўпэўнены, што мы гэта зробім", — заявіў Зяленскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі