Нацбанк: Адсоткі па валютных дэпазітах не будуць у беларускіх рублях

Сённяшняя публікацыя ў саўмінаўскай газеце выклікала шокавы стан і абурэнне кіраўніцтва Нацыянальнага банку Беларусі. Яе праўдзівасць азначала б поўны крах усёй фінансавай сістэмы нашай краіны У сераду газета Савета міністраў "Рэспубліка" папярэдзіла ўсіх кліентаў беларускіх банкаў, якія маюць валютныя дэпазіты, што "не за гарамі тыя часы, калі адсоткі па валютных дэпазітах фінустановы будуць выдаваць сваім укладчыкам выключна ў беларускіх рублях". Гэта, нібыта, прадугледжваецца працэдурай дэдаларызацыі нацыянальнай эканомікі, якую распачаў Нацыянальны банк Беларусі.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, як хутка можна чакаць адпаведнай пастановы па валютных дэпазітах ад Нацбанка. Але выкладзенае на старонках афіцыйнага СМІ папярэджанне прывяло начальніка ўпраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоля Драздова ў шокавы стан і выклікала абурэнне.

Анатоль Драздоў: "Нічога падобнага журналістам я не казаў! Гэта выдумкі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці! Ніякіх пастаноў на гэты конт мы не рыхтуем".

Між тым тое, што імкненне правесці пэўную дэдаларызацыю нацыянальнай эканомікі ў Нацбанку існуе, ён прызнаў.

Анатоль Драздоў: "Такая праграма не мае выгляду аформленага дакумента, што гэта праграма. Але мерапрыемствы па дэдаларызацыі ў краіне праводзяцца, і яны азначаюць толькі вывядзенне долара з наяўнага абарачэння. Гэта ніякім чынам не закранае ўкладанні грамадзян у банках. Ніякім чынам!"

Чаму некалькі фраз наконт магчымасці выплат валютных адсоткаў у беларускіх рублях выклікалі такую бурную рэакцыю ў прадстаўніка Нацбанка, Еўрарадыё патлумачыў кіраўнік аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леанід Заіка.

Леанід Заіка: "Гэта было б рэальным, калі б у нас наступіў канчатковы дэфолт, быў поўны крах усёй фінансавай сістэмы. Тады пад выглядам новай грашовай палітыкі будуць друкаваць "пустыя" рублі і выдаваць іх замест валюты. Гэта сітуацыя поўнага краху — і Нацбанк не можа на такое пайсці. Інакш ужо сёння нам бы давялося развітацца з кіраўніцтвам Нацбанка. Тэарэтычна гэта магчымы варыянт, але з пункту гледжання эканамічнага ён з'яўляецца паказчыкам разбурэння ўласнай грашовай сістэмы".

Першы раз пра гіпатэтычныя планы Нацбанка сваёй пастановай прымусіць банкі выплачваць сваім кліентам адсоткі па валютных дэпазітах у беларускіх рублях пачулі і ў Прыорбанку. Прынамсі, паводле слоў кіраўніка прэс-службы гэтай фінустановы Андрэя Сакалова.

Андрэй Сакалоў: "Ніякай інфармацыі ў мяне няма на гэты конт, гэта нейкія дамысліванні, відаць. Мы працуем так, як і працавалі. Сітуацыя ў нас стабільная".

Што ж тычыцца імкнення Нацбанка дэдаларызаваць нацыянальную эканоміку ў прынцыпе, то, да прыкладу, Леанід Заіка яго падтрымлівае.

Леанід Заіка: "Гэта павінна адбывацца. Такое было ў 1994 годзе, што дало магчымасць рэзка змяніць сітуацыю і з інфляцыяй, і са стабільнасцю рубля. Долар трэба выводзіць з унутраных разлікаў: з крамаў, з аўтазаправак, з рэстаранаў. Павінна працаваць нацыянальная грашовая адзінка. Альбо трэба пераходзіць на мультывалютную сістэму, дзе ў разліках будуць прымацца і расійскія рублі, і еўра, і долар. Гэта другі варыянт эканамічнай палітыкі, але да яго беларускае кіраўніцтва не гатовае".

Падтрымліваюць Нацбанк і прадпрымальнікі. Прычым, сцвярджае лідэр прадпрымальніцкага руху Анатоль Шумчанка, даўно прапануюць зрабіць гэта ўраду.

Анатоль Шумчанка:
"Мы ўжо ўздымалі пытанне ў Мінэканомікі, каб падаткі, якія выплачвае малы і сярэдні бізнес, былі прывязаныя не да еўра, як зараз, а да беларускага рубля".

Але, як высветлілася, хоць Нацбанк і імкнецца вывесці замежную валюту з наяўнага абарачэння на тэрыторыі Беларусі, гэта чамусьці ніяк не тычыцца выплат прадпрымальнікамі падаткаў. Згодна са словамі прэс-сакратара Нацбанка Анатоля Драздова, у якой валюце прадпрымальнікі будуць разлічвацца з дзяржавай — вырашаюць не яны, а Саўмін. Міністры ж адмаўляцца ад валютных паступленняў не жадаюць. Прынамсі, на афіцыйным сайце Саўміна не пазначана, каб Кабінет міністраў запланаваў сабе разгляд гэтага пытання на бліжэйшае будучае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі