Вы тут

На жыхара Рэчыцы пачалі справу за фота ў нямецкай форме 10-гадовай даўніны

Уладзімір Прадкін / gomelspring.org

На 54-гадовага жыхара Рэчыцы Уладзіміра Прадкіна пачалі крымінальную справу за фота ў нямецкай форме. Артыкул — "Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці". Як паведамляе gomelspring.org, фота было зроблена падчас здымкаў мастацкага фільма ў Расіі дзесяць гадоў таму. Па версіі следства, Прадкін змясціў яго ў сацсетках, як і мемуары нейкага нацысцкага генерала. Ён жа кажа, што на здымках фільма падпрацоўваў, адтуль і фота. Што да мемуараў (а іх няма ў спісе "экстрэмісцкіх матэрыялаў"), то яму цікавая гісторыя, у прыватнасці, як нацысты апраўдвалі свае злачынствы.

9 снежня мужчыну затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіК, дома ў яго прайшоў ператрус, забралі ноўтбук і тэлефон. Тры дні ён правёў у ізалятары часовага ўтрымання, а пасля быў выпушчаны пад падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.

"Гэта сапраўднае беззаконне, — кажа Уладзімір Прадкін. — Калі чалавек не можа выказаць сваё меркаванне публічна — гэта нейкае варварства. Па адчуваннях, у Беларусі наступіў 1937 год".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.