На выбарах у Беларусі Дзмітрый Анатолевіч Мядзведзеў набраў толькі 22,5%

На жаль, поўны цёзка прэзідэнта Расіі не здолеў трапіць у беларускі парламент. Дзмітрый Анатолевіч Мядзвездеў - настаўнік з Мікашэвіцкай гімназіі імя Нядведскага - балатаваўся па Лунінецкай выбарчай акрузе №13, дзе перамогу атрымала Ларыса Вершаловіч. Адміністратыўны рэсурс аказаўся амаль удвая мацнейшы за прэзідэнцкае прозвішча, імя і імя па бацьку. Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў 3-га склікання набрала 50,4% галасоў супраць 22,5% у Мядзведзева. Патэлефанаваўшы экс-кандыдату ў дэпутаты дамоў, я натрапіў на яго маці, якая вельмі насцярожана паставілася да карэспандэнта "Еўрарадыё":

Маці Дзмітрыя Мядзведзева: "Дзіма? А яго зараз няма, ён з'ехаў!"

Алег Дзвінскі: "А куды з'ехаў?"

Маці Дзмітрыя Мядзведзева: "А хто гэта пытаецца?"

Тым не менш, маці паведаміла нумар мабільнага тэлефона Дзмітрыя Анатолевіча. І высветлілася, што цёзка расійскага прэзідэнта ў палітыцы расчараваны. Настолькі, што не хоча нават узгадваць пра сваю выбарчую кампанію:

Дзмітрый Мядзведзеў: "Я не хачу больш удзельнічаць ні ў інтэрв'ю, ні ў чым. Вы мяне прабачце, але былі ўжо інтэрв'ю ў газетах, на радыё - я больш не хачу ў гэтым удзельнічаць, проста няма жадання!"

Алег Дзвінскі: "Вы расчараваныя сваёй кампаніяй?"

Дзмітрый Мядзведзеў: "Не, я не расчараваны. Проста я хачу займацца іншай справай. Я не расчараваны, ўсё прайшло ў межах закона…".

Алег Дзвінскі: "Але за вас прагаласавала амаль чвэрць выбаршчыкаў! А вы жадаеце займацца нечым іншым… Калі столькі людзей падтрымліваюць вас, гэта ж пра нешта кажа!"

Дзмітрый Мядзведзеў: "Я не хачу гаварыць па тэлефоне. Адкуль у вас такія звесткі?"

Алег Дзвінскі: "Яны надрукаваныя ў газетах!".

Дзмітрый Мядзведзеў: "Не, 22 адсоткі прагаласавалі за Мельянца".

Між тым, сайт беларускага ЦВК сцвярджае адваротнае: Дзмітрый Мядзведзеў набраў удвая больш галасоў, чым кіраўнік юрыдычнай службы Вячаслаў Мельянец. Так, Дзмітрый Анатолевіч не перамог, але за яго прагаласавала амаль чвэрць з тых, хто прыйшоў на Лунінецкую выбарчую акругу №13. Так што песімізм, з якім ён глядзіць на вынікі сваёй выбарчай кампаніі, нам незразумелы. Нават маці экс-кандыдата ў дэпутаты ацэньвае яго кампанію станоўча:

Маці Дзмітрыя Мядзведзева: "Ну, для першага разу нармальна!".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі