На труну Барыса Кіта паклалі бел-чырвона-белы сцяг і хлеб (фота)

На труну Барыса Кіта паклалі бел-чырвона-белы сцяг і хлеб (фота)

У Германіі ў горадзе Вісбадэн на праваслаўных могілках пры царкве Святой Елізаветы пахавалі беларускага навукоўца і асветніка Барыса Кіта. Ён памёр 1 лютага ў Франкфурце-на-Майне на 108-м годзе жыцця. Затрымка з пахаваннем была выклікана пошукам дакументаў на зямлю на могілках, якую яшчэ ў 1970-я гады выкупіў Кіт.

Як паведамляе Радыё Свабода, у развітанні з Барысам Кітом удзельнічалі каля 30 чалавек, у тым ліку і жонка Тамара Кізевіч (з амерыканскай сям’і ніхто прыехаць не змог). У магілу высыпалі зямлю, прывезеную з Беларусі. На труну паклалі бел-чырвона-белы сцяг, беларускі хлеб і стужку з нацыянальным арнаментам.

Барыс Кіт (сапраўднае прозвішча — Кіта) скончыў Навагрудскую беларускую гімназію, матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэту. Працаваў настаўнікам, дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі. Восенню 1939-га перавёз гімназію ў Навагрудак, быў школьным інспектарам. Займаўся беларускім школьніцтвам і падчас нямецкай акупацыі. За сваю патрыятычную дзейнасць арыштоўваўся польскімі і нямецкімі ўладамі. Пасля Другой сусветнай вайны апынуўся ў ЗША, дзе стаў канструктарам амерыканскай ракетнай тэхнікі. Ніколі не перарываў сувязі з беларускім рухам, фінансава падтрымліваў беларускія эміграцыйныя выданні, размаўляў на беларускай мове. З 1972 года жыў у Германіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі