На “Рок-каранацыю” не запросяць намінантаў

Пасля таго, як стала вядома, што намінанты “Рок-Каранацыі-2007” не ведаюць, што яны намінаваныя, Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці запрасілі ўвогуле прадстаўнікоў шорт-ліста наведаць мерапрыемства. Заснавальнік “Рок-каранацыі” Юрый Цыбін гаворыць, што разам з арганізатарамі адслухаў каля 140 гуртоў, і тыя, хто трапіў у спіс намінантаў, ўвогуле “павінны быць удзячныя”. А калі музыкі не ведаюць пра свае намінацыі, то гэта іх праблемы:

“Чаму мы мусім паведамляць? У іх што няма інтэрнэту? Усё гэта вывешана па ўсіх намінацыях. Хай адкрыюць старонку ды пабачаць там. У мяне пакуль што няма вынікаў, я іх буду ведаць заўтра ці паслязаўтра. І мы ажразу ж патэлефануем усім, хто атрымае ўзнагароду, і ўсе яны будуць прысутнічаць”.

Атрымліваецца, што на цырымонію ўзнагароджвання рок-каронамі будуць запрошаныя толькі пераможцы. Тыя ж, хто быў проста намінаваны, трапяць на каранацыю толькі за свае грошы.

Каб быць канчаткова ўпэўненым у гэтым, мы вырашылі папрасіць Змітра Гаўрыліна – лідэра гурта “Бан-Жвірба”, які змагаецца за карону ў намінацыі “Традыцыя і Сучаснасць”, даведацца, ці будуць у іх запрашэнні на цырымонію.

Адзін з арганізатараў Сяргей Будкін нічога пэўнага Змітру не адказаў:

“Сказаў патэлефанаваць яму заўтра, можа што і атрымаецца. Але гаворыць: “Месцаў няма”. Напэўна, так у іх і робіцца… Гэта не асноўная намінацыя, а таму яны нават не папярэджваюць нікога”.

Еўрарадыё ўзгадала леташнюю “Рок-Каранацыю”, дзе ў намінацыі “традыцыя і сучаснасць” перамог гурт Ur’ia. Тады на сцэну за каронай ніхто не падняўся.

Мы вырашылі пацікавіцца, ці не забыліся арганізатары папярэдзіць лідэра калектыву Юрыя Выдронка, і ці забраў ён сваю карону.

Юры Выдронак: “Нам патэлефанавалі за 2 месяцы і сказалі, што нешта будзе. Я папрасіў іх патэлефанаваць напярэдадні, бо у той час не быў у Мінску. За дзве гадзіны да “Каранацыі” мне тэлефануюць і кажуць: “Прыязджай, хутка будуць даваць кароны!” Ну я кажу, каб яны далі хоць машыну, бо мы без машыны і за 2 гадзіны не даедзем. Нам сказалі: “Ну, ладна!” На гэтым усё і скончылася”.

Юрый дадаў, што карону ён так і не забраў, бо нават не ведае, куды за ёй ехаць. І гэта далёка не першы выпадак за гісторыю “Рок-Каранацыі”.

Самы гучны з іх адбыўся ў 2001 годзе, калі ахова не пусціла ў КЗ “Мінск”, дзе адбывалася цырымонія ўзнагароджвання, Аляксея Шадзько. Вось як пачынаўся матэрыял-апісанне “Рок-Каранацыі-2001” журналіста Сяргея Маліноўскага:

“Дух дурдома лунаў у КЗ "Мінск" яшчэ да пачатку фэсту - у залу не жадалі пускаць некаторых удзельнікаў канцэрту. Ледзь праціснулася скрозь шырокія плечы ахоўнікаў рок-князёўна Вераніка Круглова, якая дзеля "Рок-каранацыі" прыехала з Берліна. У фае Вераніка прыляпіла бліскаўку на лоб і заявіла, што гэта і ёсць яе запрашэнне.

Аляксея Шадзько ахова таксама не прызнала. Але галоўны прэтэндэнт на рок-карону не стаў высвятляць "хто із ху", а проста сыйшоў. "Няма чалавека - няма кароны", -- было падобна, што менавіта такім прынцыпам карысталіся арганізатары пры выбары галоўнага пераможцы”.

Нагадаю, што “Рок-Каранацыя-2007” адбудзецца 29 лютага ў КЗ “Мінск”.

Магчыма, што схадзіць туды ёсць сэнс, хоць бы і для таго, каб паназіраць, як не будуць прапускаць гурты-намінанты.

Фота: generation.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі