На радзіме Аляксандра Лукашэнкі робяць вусатыя цацкі (ФОТА)

Працаўніцы керамічнага цэху г.п. Копысь лёгка вырабляюць цыцкастых дзевак, жабак у кароне, парсючкоў – і кажуць, што запраста вырабілі б фігурку прэзідэнта, але баяцца без дазволу “зверху”  У гарадскім пасёлку Копысь, дзе нарадзіўся Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, ёсць керамічны цэх. Тут вырабляюць сувеніры, кубачкі, вазоны, настольныя і напольныя вазы, садовыя скульптуры. Тут жа стаіць прылавак, дзе можна набыць гатовую прадукцыю. Цэх не абмінаюць усе, хто патрапляе ў Копысь – сувеніры з малой радзімы першага прэзідэнта Беларусі карыстаюцца падвышанай папулярнасцю.
На стале ў працаўнікоў цэха – памятны здымак, зроблены ў часе наведвання цэха самім Лукашэнкам. Хоць векапомны прыезд быў два гады таму, 17 жніўня 2007 года, кожны працаўнік памятае візыт дэталёва.

Еўрарадыё: Прыязджаў да вас прэзідэнт?
Працаўніца: Прыязджаў! Быў у Копысі, зайшоў да нас у цэх, паглядзеў – і сказаў, трэба расшырыць кераміку. Спадабалася, значыцца, нашая кераміка!.. Цяпер нам будуюць новы цэх.
Еўрарадыё: А заробкі ў вас добрыя?
Працаўніца: У сярэднім 500 тысяч. У нас прадукцыю бяруць і са Смаленску, і з Мурманску, і з Ленінграду, з Масквы. Магілёў вельмі добра бярэ. Дзеці часта з экскурсіямі бываюць – вельмі шмат купляюць.
Еўрарадыё: А вы помніце час, калі Лукашэнка жыў тут, яшчэ не быў прэзідэнтам?
Працаўніца:  Жыць та жыў, але мы яго не ведалі. Асабіста яго не запомнілі.
Еўрарадыё: А зараз я гляджу ў вас так усё адбудавана – адчуваеце падтрымку славутага земляка?
Працаўніца: Адчуваем. І дай Бог яму здароўя! І няхай правіць яшчэ!
Еўрарадыё: А што ён зрабіў для Копысі?
Працаўніца: Шмат што. Галоўнае – мост цераз Дняпро. Не баімся цяпер дзяцей адпускаць, па лёдзе раней людзі хадзілі, тапіліся. А цяпер – едзь хоць у Воршу, хоць у Шклоў, хоць у Магілёў. Цяпер очань пракрасна, што ёсць мост. У нас ёсць два заводы, трэці будуецца. Чыстата, парадак, красата!..

Іншая працаўніца таксама была на гістарычнай сустрэчы. Але, кажа, найперш прасіла кіраўніка дзяржавы не пра ўласны дабрабыт, а каб пабудаваў новы цэх.

Еўрарадыё: А вы прысутнічалі, калі прэзідэнт прыязджаў?
Другая працаўніца: Прысутнічала. Распрашываў, як мы жывём, як у нас справы ідуць у цаху.
Еўрарадыё: І што вы яму сказалі?
Другая працаўніца: Што нармальна ідуць дзяла.
Еўрарадыё: А вам падабаецца тут працаваць?
Другая працаўніца: Каб не падабалася, то не працавала б!..
Еўрарадыё: А вы адчуваеце гонар, што прэзідэнт адсюль?
Другая працаўніца: Канешне, адчуваем!
Еўрарадыё: А калі прыязджаў, папрасілі ў яго нешта?
Другая працаўніца: А што мы можам папрасіць?
Еўрарадыё: Ну, каб заробак падняў...
Другая працаўніца: Мы не гаварылі пра заробак. Мы ўжо гаварылі каб нам цэх новы зрабілі, благаўстроілі яго…

Кінулася ў вочы, што многія статуэткі ў копыскім цаху вырабляюцца з даволі характэрнымі вусамі. Як у казачнага Дзеда-баюна ці Лесуна. Я нерашуча запытаўся, чаму не робяць сувенірных фігурак самога Лукашэнкі. На гэта працаўніца сур’ёзна адказала, што “патрабуецца, напэўна, дазвол – як на герб ці сцяг”. Але заўпэўніла, што іхным мастакам гэта пад сілу -- з кавалка гліны яны могуць вырабіць "што хочаш"!

Здымак Аляксандра Лукашэнкі сярод працаўнікоў цэху стаіць на самым бачным месцы