На пажары ў мінскім інтэрнаце выратавалі восем, эвакуявалі 60 чалавек
Восем чалавек былі выратаваныя, а 60 эвакуяваныя на пажары ў мінскім інтэрнаце 19 траўня.
Як паведамляе прэс-служба МНС, сігнал пра загаранне ў інтэрнаце на вуліцы Дзянісаўскай паступіў у 7.08. Агонь узнік на трэцім паверсе дзевяціпавярховага будынка.
Прыбыўшы на месца выкліку, пажарнікі пабачылі з акна на трэцім паверсе густы дым. У адным з пакояў загарэлася маёмасць на плошчы 12 квадратных метраў. Пазней выявілася, што ўэтым пакоі напярэдадні глядзелі тэлевізар і заснулі дзве жанчыны — 54-гадовая і 47-гадовая. Раніцай маладзейшая прачнулася, пачуўшы трэск тэлевізара, і пабачыла дым. Яна пабудзіла старэйшую жанчыну і, набраўшы вядро вады, паспрабавала пагасіць пажар, але нічога не атрымалася. Пасля чаго жанчына выйшла на гаўбец у суседнім пакоі.
Работнікі МНС выратавалі з жылых пакояў на трэцім паверсе восем чалавек, у тым ліку траіх дзяцей. 54-гадовую жанчыну, якая знаходзілася на агульнай кухні ў калідоры палаючага блока, перадалі брыгадзе хуткай дапамогі. З меркаваным дыягназам "атручэнне прадуктамі гарэння" жанчына была шпіталізаваная ў лякарню. Разам з адміністрацыяй з будынка па лесвіцах былі эвакуяваныя 60 чалавек.
Пажар ліквідаваны ў 7.39.
Меркаваная прычына пажару — аварыйны рэжым працы электраабсталявання.