На пачатку лістапада ў Мінску адбудзецца шасцігадзінны фестываль "JAZZCPEDA".

Як распавёў Еўрарадыё адзін з арганізатараў мерапрыемства Нік Маторын, ідэя зладзіць сапраўдны джазавы фестываль з’явілася ўжо даўно. Нік Маторын: "Нарэшце мы адважыліся на фестываль, каб сабраць усіх прафесійных музыкантаў, якія гралі ў нашым клубе на працягу штотыднёвых канцэртаў "Джаз-серада ў "Графіці".

Месцам правядзення фэсту абралі сталічны клуб "Мулен руж", бо звыклы да джаза "Графіці" не здолее змясціць усіх наведвальнікаў. А іх, дарэчы, чакаецца каля 300 чалавек.
 
Нік Маторын: "Мы зусім нядаўна знайшлі гэтую пляцоўку і вельмі рады, што так атрымалася. Для джаза вельмі пасуе клуб, дзе няма "мёртвых кропак", шмат пасадачных месцаў і вялікая барная стойка — што таксама істотна".
 
А вось ці стане фестываль штогадовым Нік Маторын казаць пабаяўся.
 
Нік Маторын: "Пра перыядычнасць фэсту пакуль баімся казаць. Хто яго ведае? Усякае бывае. Калі ўсё будзе добра — зладзім фестываль і другі, і трэці раз".
 
Хэдлайнерамі першага джаз-фестывалю стануць Apple Tea, аркестр Аляксандра Ліпніцкага Symphonic Drive Orchestra, Chiefs Band і Real Jazz Band. Агулам, на фестывальную сцэну выйдзе больш за 50 музыкаў. Плануецца, што "JAZZCPEDA" будзе працягвацца 6 гадзін і скончыцца вялікім джэмам, ў якім возьме удзел большасць удзельнікаў фестывалю.

Больш падрабязная інфармацыя на сайце diskoteq.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі