На няпоўны працоўны тыдзень рабочых пераводзяць незаконна?

Калі працаўнік не пагодзіцца на прапанову, яго могуць скараціць

Напрыканцы мінулага года Федэрацыя прафсаюзаў зладзіла маніторынг сацыяльна-эканамічнага становішча ў рэгіёнах. Даследаванне паказала, што змяненні вытворчай сітуацыі адбыліся ажно на 150 прадпрыемствах нашай краіны.

13 прадпрыемстваў вымушана пайшлі на адпачынкі працаўнікоў з аплатай у 2/3 тарыфнай стаўкі, 10 – без аплаты, 117 прадпрыемстваў выкарыстоўвалі 4-дзённы працоўны тыдзень, 3 прадпрыемствы – 3-дзённы, 1 – двухдзёнку, - такія дадзеныя надрукавала дзяржаўная газета “Звязда”

Еўрарадыё зацікавілася, а ці законны такі перавод працаўнікоў на няпоўны працоўны тыдзень? Магчыма, дзяржава сама сабе стварыла праблему, калі заключыла кантракты з работнікамі? А цяпер гэтыя кантракты могуць стаць перашкодай да змянення ўмоваў працы…

“У прынцыпе, гэта ўсё робіцца незаконна”, - кажа сустаршыня прафсаюза РЭП Аляксандр Бухвостаў:

“Усё залежыць ад таго, якія кантракты падпісвалі, што там у іх было… Ці прадугледжваліся выпадкі, калі вытворчая неабходнасць патрабуе перавода на няпоўны працоўны тыдзень? У любым выпадку, гэта пытанне аб тым, як кампенсуецца пераход на няпоўны працоўны тыдзень”.

Паводле словаў прафсаюзнага лідэра, аб зменах умоваў працы працаўніка мусяць папярэдзіць за месяц. А грашыма кампенсаваць як мінімум 2/3 сярэдняй заработнай платы. Але гэтага ў большасці выпадкаў не робяць, - кажа спадар Бухвостаў:

“У адпаведнасці з працоўным кодэксам, там павінна быць аплата 2/3 сярэдняй заработнай платы ці 2/3 тарыфаў - залежыць ад таго, як гэта ўсё прапісана ў калектыўных дамовах. Але сітуацыя такая, што яны пераводзяць на няпоўны працоўны тыдзень, але ён не аплочваецца. Шмат у якіх выпадках. Рабочых прымушаюць пісаць “за свой рахунак” за няпоўны працоўны тыдзень”.

Нават калі перавод на няпоўны працоўны тыдзень кампенсуюць, то і ў такім выпадку працаўнік шмат губляе.

Аляксандр Бухвостаў: “Калі надыходзіць час гэтай кампенсацыі за няпоўны працоўны тыдзень, то аплочваюць яго па тарыфнай стаўцы. А тарыфныя стаўкі вельмі нізкія. Нават ніжэй, чым мінімальная заработная плата. Гэта 229 тысяч у нас цяпер мінімальны заробак. Ну вось і ўявіце, калі ён атрымоўваў, напрыклад, 1,5 мільёна ці мільён, то за гэтыя дні ён будзе атрымоўваць 2/3 ад вось гэтай тарыфнай стаўкі. Такім чынам, ён губляе ў некалькі разоў свой заробак”.

Але адстаяць свае правы ў такой сітуацыі амаль немагчыма. У выпадку нязгоды перавесціся на няпоўны працоўны тыдзень, працаўніка могуць папросту звольніць, - кажа  старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

Магчыма, таму на сённяшні дзень у Беларусі няма прэцэдэнтаў, калі б незадаволеныя зменай умоваў працы рабочыя звярталіся ў суд?

Аляксандр Ярашук: “Гэта той выпадак, калі не зусім сур’ёзна настойваць на тым, што “я хачу працаваць” - таму што мы ведаем масу прыкладаў, што маюць месца масавыя звальненні. У той жа самай Расіі, ва Украіне. Магу сказаць, не баючыся памыліцца, што наўрад ці можна знайсці хоць адзін такі факт, што хтосьці ўзнаўляў судовую справу. Ёсць разуменне, што гэта выклік для ўсёй грамадскасці і краіны. І, напэўна, кожны з працаўнікоў павінен таксама гэтыя цяжкасці ў адпаведнай прапорцыі несці”.

Толькі вось як вызначыць, якая прапорцыя будзе адпаведнай?

І хоць скарачае працоўны тыдзень нямала беларускіх прадпрыемстваў, уголас пра гэта заявіў толькі Мінскі аўтамабільны завод. Больш за тое: быў распаўсюджаны адмысловы прэс-рэліз, у якім генеральны дырэктар прадпрыемства Мікалай Давыдзенка заявіў, што пакуль гаворка ідзе толькі пра адзін тыдзень, а заробкі працоўным не скарачалі:

“Кіраўніцтвам прадпрыемства прынятае рашэнне, што для некаторых вытворчасцяў, у тым ліку і галоўны канвеер, гэты тыдзень будзе скарочаны. Надалей рашэнне пра колькасць працоўных дзён будзе прымацца ў залежнасці ад сітуацыі. Зніжэнне тарыфных ставак і акладаў на дадзены момант не плануецца”

Але калі мы патэлефанавалі ў даведку МАЗ, там сказалі, што дакладна нічога не ведаюць - магчыма, гэта будзе і месяц…

Даведка МАЗ: “Мы таксама нічога не ведаем. Вось на сёння, на заўтра нам сказалі, на тыдзень, на месяц… а што далей будзе - мы не ведаем”


Фота: photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі