На нарадзе, прысвечанай футболу, Лукашэнка згадаў, як начамі зашываў мячы

На нарадзе, прысвечанай футболу, Лукашэнка згадаў, як начамі зашываў мячы

15 лютага Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную сітуацыі ў беларускім футболе. На яе былі запрошаныя старшыня Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Румас, яго намеснік Юрый Курбыка, вядомыя трэнеры Эдуард Малафееў, Сяргей Бароўскі і Людас Румбуціс. Лукашэнка заявіў, што трэнерам павінна быць сорамна. У тым ліку і за тое, што не аказалі належную падтрымку Румасу, які, як кіраўнік Банка развіцця, дагэтуль паспяхова рэалізоўваў усе праекты. І толькі з футболам атрымаўся правал.

“Паўсюль правал, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Самы масавы, самы любімы від спорту, для якога, па вялікім рахунку, каб навучыцца гуляць, нічога не трэба”. Ён нагадаў, што няўдала выступае не толькі нацыянальная зборная, але і маладзёжныя. Дарэчы, на сённяшняй сустрэчы не было галоўнага трэнера зборнай Ігара Крывушэнкі.

Лукашэнка распавёў прысутным, што ў юнацтве вельмі любіў футбол і яму па начах нават даводзілася зашываць футбольныя мячы, паколькі не было магчымасці купляць новыя. Цяпер жа ў спартсменаў адносіны да спорту зусім іншыя, адзначыў ён.

Як вядома, нядаўна ў Мінск прывозілі Кубак свету FIFA. Падчас урачыстай цырымоніі адбылася размова Аляксандра Лукашэнкі і Эдуарда Малафеева, былога галоўнага трэнера зборнай і мінскага “Дынама”. Малафееў гаварыў пра праблемы ў футболе, пра недахоп добрых трэнераў. Кіраўнік дзяржавы паабяцаў пагаварыць пра гэтыя праблемы, у выніку і прайшла сённяшняя сустрэча.

Лукашэнка лічыць, што Беларускай федэрацыі футбола неабходная рэарганізацыя, пасля якой яна мусіць узяць пад кантроль працу трэнераў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі