Вы тут

На "Міс Беларусь" сёлета адабралі "сапраўдных патрыётак"

Фінал конкурсу "Міс Беларусь-2021" адбудзецца 10 верасня​ / vitvesti.by

Арганізатары конкурсу "Міс Беларусь" разлічваюць правесці фінал 10 верасня, распавяла дырэктар дырэкцыі спецпраектаў АНТ Алена Лобач выданню sb.by.

У шэрагу рэгіёнаў у гэтым годзе арганізатары мелі складанасці з правядзеннем кастынгаў. На прагляды ў Брэсце і Полацку прыйшлі па 1-2 чалавекі.

Тым не менш адборачнай камісіі ўдалося сабраць 125 паўфіналістак, з якіх выберуць удзельніц фінальнага шоу. Іх павінна застацца 30.

Пра складанасці адбору ў гэтым годзе ў Лобач спыталі мімаходзь: маўляў, летась, калі конкурс перанеслі, было 133 паўфіналісткі. Цяпер жадаючых павінна было б стаць больш, а выбіраць прыходзіцца з 125 дзяўчат. На пытанне "а дзе астатнія і новыя ўдзельніцы?", Лобач адказала: "змяніліся абставіны".

"Дзесяць дзяўчынак за гэты час выйшлі замуж. Яшчэ столькі ж дасягнулі 25-гадовага ўзросту, а па ўмовах конкурсу фіналістка не павінна быць старэйшыя за 24 гады. Некаторыя выбылі па стане здароўя", — патлумачыла яна.

У выніку з леташняга складу засталіся 83 фіналісткі. Астатніх адабралі на новых кастынгах.

Абласны этап конкурсу "Міс Беларусь" у Віцебску / vitvesti.by

Лобач таксама распавяла пра тое, што, каб пазбегнуць сюрпрызаў, арганізатары правяраюць сацсеткі дзяўчат.

"Мы з калегамі ўсё падрабязна вывучаем. Калі старонка ў Instagram зачынена, просім адкрыць. Глядзім у тым ліку сторыс, дзе жыццё дзяўчынак бачная падрабязней", — адзначыла яна.

Паводле яе слоў, арганізатары "Міс Беларусь" плануюць паказаць "сапраўдных беларусак — не тых, хто жыве імгненнымі эмоцыямі і выбудоўваецца ў пратэстныя шэрагі з плакатамі ў руках".

"Сапраўдныя", паводле версіі Лобач, гэта тыя, хто "заўсёды патрыёт сваёй краіны, падтрымлівае нацыянальнае адзінства і жыве ў той Беларусі, якая ў нас ёсць".

Распавяла яна і пра канкурсантку, якая яе больш за ўсё ўразіла — дзяўчыну, якая па закліку сэрца працуе дворнікам. Патэнцыйная "Міс" таксама асвоіла бензапілу і трымер, абразае галінкі на дрэвах і косіць газоны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.