На мінскі канцэрт Rammstein раскупілі ўсе білеты на танцпол

Усе білеты на танцпол на мінскі канцэрт Rammstein распрададзеныя, квіткоў па 80 тысяч у касах ужо няма. Пра гэта Еўрарадыё распавяла прэс-сакратар Палаца Рэспублікі, які ладзіць канцэрт, Тамара Шахназарава. Тамара Шахназарава: “Так, гэта праўда: квіткі на танцпол ужо распрададзеныя. Частка іх знаходзіцца на броні, частка распрададзеная. Тыя, што на броні, мы не маем права пакуль прадаваць”.

Нагадаем, Rammstein выступяць на “Мінск-Арэне” 7 сакавіка. На мінулым тыдні Мінск наведалі прадакшн-менеджэры гурта і прадстаўнікі канцэртнага туру. Усе ўмовы, прапанаваныя беларускім бокам, іх задаволілі.

Тамара Шахназарава: “Яны наведалі Мінск-Арэну, і ніякіх глабальных пытанняў па тэхнічнай частцы не ўзнікла. Усё задаволіла”.

Пытанне наконт дазволу на піратэхнічнае шоў нямецкіх металістаў знаходзіцца ў стане разгляду. Аднак Тамара Шахназарава спадзяецца на яго станоўчае вырашэнне:

Тамара Шахназарава: “Пакуль яшчэ ідзе ўзгадненне, аднак мы спадзяемся, і гледзячы на тое, як развіваюцца нашы перамовы, што мы атрымаем станоўчы вынік. Адказ нам ужо рыхтуецца. Мы не ведаем, які ён. Як толькі будзе адказ, мы пусцім навіну, што дазволілі”.

Апроч таго Тамара паведаміла, што на разагрэве Rammstein гледачы не ўбачаць беларускіх і расійскіх выканаўцаў. У гэтай якасці выступіць нарвежская каманда Combichrist, якая аб’яўлена афіцыйным разагрэўным гуртом падчас сусветнага турнэ Rammstein пад назвай “Liebe ist fur Alle da”.


Фота з сайту гурта Rammstein

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі