На "Канскім кінафэсце" ўпершыню за 10 гадоў перамог француз

"Залатую пальмавую галіну" 61-га Канскага кінафэсту атрымаў фільм Ларана Кантэ "Паміж сценамі" (Entre les murs). Як паведамляе Агенцтва франс прэс, рашэнне было абвешчана старшынёй журы Шонам Пэнам падчас урачыстай цырымоніі закрыцця фэсту ў нядзелю ўвечары. Амерыканскі акцёр і кінарэжысёр адзначыў, што "гэта цудоўны фільм, і рашэнне журы было аднагалосным".

Кінакарціна "Паміж сценамі" распавядае пра паўсядзённае жыццё маладой настаўніцы французскай мовы ў каледжы для праблемных дзяцей. Фільм быў зняты па матывах аўтабіяграфічнага рамана Франсуа Бігадо.

Дадам, што французскі фільм перамагае на фэсце ў Канах упершыню з 1987 года.

Лепшым акцёрам стаў Бэнісіо дэль Тора за ролю Эрнэста Чэ Гевары ў фільме Стывена Содэрберга "Чэ".

Лепшай актрысай прызнаная бразільянка Сандра Карвелоні за галоўную ролю ў фільме Уолтара Сэйлса і Даніэлы Тома "Лініі пераходу".

Прыз лепшаму рэжысёру дастаўся турку Нуры Більге Джэйлан за карціну "Тры малпы".

Прэмію за лепшы сцэнар атрымалі браты Люк і Жан-П'ер Дардэны за "Маўчанне Лорны".

Прыз за заслугі перад кінематографам атрымалі Катрын Дэнёў і Клінт Іствуд, які выступіў у ролі рэжысёра і прадставіў на фэсце свой новы фільм "Падменыш" з Анджалінай Джалі ў галоўнай ролі.

Журы фэсту таксама адзначыла фільм "Гамора" італьянца Матэа Гароне, які быў зняты па аднайменнай кнізе і расказвае пра калабрыйскую мафію.

Расіянка Валерыя Гай Германіка атрымала адмысловую прэмію журы "Залатой кінакамеры" за поўнаметражны дэбют "Усе памруць, а я застануся".

Фота: www.ampav.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі