На Камароўцы “ловяць” радыяцыю ў чарніцах з чыстых раёнаў!

На галоўным мінскім рынку ўжо 8 разоў былі зафіксаваныя выпадкі радыяцыйнага забруджвання ягадаў. Цікава, што па словах Алены Гобзін, намесніцы загадчыка лабараторыі ветэрынарна-санаторнай экспертызы, якая знаходзіцца на Камароўскім рынку, ягады з Гомельшчыны не “фанілі”:

“У чэрвені было чатыры выпадкі перавышэння радыяцыі ў ягадах. Гэта былі чарніцы. Адзін раз людзі прыходзілі правяраць для сябе. А астатнія тры выпадкі – на продаж. Гэта былі ягады з Клецкага раёну, Стоўбцаў, Рудзенска і Іванаўскага раёну Брэсцкай вобласці”.

Палохае тое, што гэтыя раёны, паводле апошніх картаў радыяцыяйнага забруджвання, лічацца чыстымі! Напрыклад, як распавялі Еўрарадыё ў Беларускім камітэце “Дзеці Чарнобыля”, Іванаўскі раён наогул лічыцца бадай самым чыстым на Брэстчыне.

Такім чынам, прадаўцы могуць хітраваць, што яны збіраюць ягады ў “чыстых” раёнах.

У ліпені сітуацыя вельмі падобная, але прайшла толькі трэцяя частка месяца, дый сезон грыбоў яшчэ не распачаўся. Распавядае Алена Гобзін:

“У гэтым месяцы ўжо таксама былі чатыры выпадкі з чарніцамі і два з дзікамі. Гэта прадукцыя была з Магілёўскага, Лагойскага і Лунінецкага раёну”.

Карэспандэнт Еўрарадыё адправіўся на Камароўскі рынак, дзе ў бабулькі, якая гандлюе нелегальна, набыў шклянку чарніц. Пасля накіраваўся ў лабараторыю ветэрынарна-санаторнай экспертызы, якая знаходзіцца на рынку.

Кошт праверкі на радыяцыю, калі вы правяраеце не для гандлю, а для сябе, складае 1250 рублёў. Але давядзецца хвілін сорак адстаяць у чарзе. Для таго каб звесткі былі дакладнымі, на праверку патрэбна не менш чым паўлітра ягадаў. Але потым іх вам вернуць. Наш карэспандэнт спецыяльна набываў ягады са Стоўбцаў, сёлета ўжо былі выпадкі забруджаных ягадаў менавіта з гэтага раёну.

Сама праверка цягнецца прыкладна хвілін 10. Карэспандэнту Еўрарадыё пашанцавала. Узровень радыяцыі ў нашых ягадах быў 40 Бк.

Па словах Алены Гобзін:

“Самае максімальнае забруджванне было ў гэтым месяцы ў чарніцах з Лунінецкага раёну – каля 2000 Бк. А дапушчальная норма – 185 Бк. ”

Нягледзячы на гэтыя нормы, спецыялісты не раяць ужываць прадукты, узровень якіх перавышае 100 Бк, а для дзіцячага харчавання ён наогул не павінен выходзіць за мяжу 30 Бк. Таму, нашымі “чыстымі” ягадамі мы б дзіця не пачаставалі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі