На Exit Festival у Сербіі разам з Еўрарадыё!

Exit Fest у сербскім горадзе Новы Сад скончыўся. Міла Котка ўжо кіруецца на радзіму, але перад выездам яшчэ даслала невялікую фотасправаздачу пра тое, як прайшла гэтая мега-тусоўка. Такім чынам,

/sites/default/files/legacy_articles/images/2007/07/80934/cms-image-000002111.jpg - другая па вялiчыні пляцоўка. Яна знаходзiлася ў самай глыбi крэпасцi i была вельмi цiкава зарганiзаваная – у некалькiх ярусаў. Сцэна i калонкi месціліся на самым нiжнiм ярусе - з-за гэтага гук не рассейваўся па паветры, а канцэнтраваўся I, па словах Мілы, канкрэтна біў па вушах!



Так выглядала галоўная фестывальная пляцоўка. На ёй адыгралi легендарныя The Prodigy, яшчэ больш легендарныя нью-йоркскiя рэперы Beastie Boys, брытанскiя вытворцы электрахаўза Basement Jaxx, банда сінці-попшчыц з Бразiлii CSS i гангста-рэпер Snoop Dogg.



Гэты гадзіннік - самая высокая кропка Петраварадзінскай крэпасцi. Адтуль бачны увесь Новы Сад. Яго мясцовыя жыхары называюць п’яным, таму што гэта, бадай, адзіны гадзіннік у Еўропе, на якім вялікая стрэлка паказвае гадзіны, а маленькая - хвіліны. Міла пакуль не дазналася гэта, думала, што гадзіннік проста не працуе.



Мост, якi злучае горад з крэпасцю, па iм нон-стоп маршыравалі фестывальшчыкi, i курсіравалі таксi.


Банкі з-пад "Тубаргу" жыхары намётавага мястэчка выкарысталі для стварэння вось такіх баначных статуй.




Баначныя статуі ці не адзіныя, каму ўдаецца вытрымаць спёку, якая апанавала Сербію ў фестывальныя дні. Тэмпература паветра дасягала +40. Знаходзіцца ў намётах проста немагчыма, вось фестывальшчыкі і шукалі цянёк,каб хоць крыху адпачыць.



Тыповы Exit-fest-man - заўсёды усмiхаецца, і проста чалавек-прыкол.




Міла Котка на Exit Festival, 15ліпеня, уключэнне аб 11.45:

Дзяніс Дзюба: Спадарства, мы толькі што датэлефанаваліся да нашай карэспандэнткі ў Сербіі, які знаходзіцца на музычным фестывалі Exit, што ў горадзе Новы Сад.

Дзяніс Васількоў: Прывітанне Міла!

Міла Котка: Прывітанне усім!

Дзяніс Васількоў: Я чую, што у цябе добры настрой. Там так весела і прыўкрасна?

Міла Котка: Так, менавіта. Тры дні запар фестываль набіраў абароты і зараз, на фінішнай прамой, на чацвёрты дзень усё падаецца вельмі цудоўным і файным. Але і крыху сумна, бо гэта апошні дзень, а толькі прызвычаілася да кэмпінгу, толькі ўсё разведала. Дзе якія канцэрты, дзе ежу знайсці, я нарэшце перастала блукаць па гэтых тунелях.

Дзяніс Васількоў: Міла, на колькі я разумею, гэтых тунеляў шмат?

Міла Котка: Ну, канешне ж, гэта чымсьці падобна да Брэсцкай крэпасці, але, канешне, не цалкам, бо ў Брэсцкай крэпасці шмат куды проста не дазваляюць уваходзіць. А тут – воля, хадзі куды хочаш. Насамрэч, гэта даволі старая крэпасць, пабудаваная ў 18-м стагоддзі, называецца Петраварадзінская.

Дзяніс Дзюба: Міла, скажы, калі ласка, што там адбывалася апошнімі днямі, што за канцэрты? І якое яно, фестывальнае жыццё?

Міла Котка: Канцэрты адбываюцца з большага з пасляабедзеннага часу і да 6 -7 раніцы, то бок, я нядаўна прачнулася і зараз зараджаю свой тэлефон і чакаю ў чарзе на інтэрнэт. Ёсць і такая магчымасць на гэтым фэсце.

Учора нарэшце давялося пабачыць мне маіх любімчыкаў Bassement Jaxx, якіх бачыла 4 гады таму. Дарэчы, даволі цікавая сітуацыя атрымалася ўчора. Паралельна з Exit Festival у Новым Садзе, ў Бялградзе адбываўся канцерт The Roling Stones.

Дзяніс Васількоў: Значыць, свайго кшталту канкурэнцыя лакальнага маштабу, але з сусветнымі зоркамі!

Міла Котка: Канешне! Бялград зайздросціць, што такі буйны фэст, як Exit Festival, абываецца не ў сталіцы. Таму я баялася, што будзе мала народу на вечаровым канцэрце, думала, палова людзей з’едзе, і будзе пустая пляцоўка, што азначала б правал.

Дзяніс Дзюба: Я б, калі шчыра, паехаў бы на Ролінгаў…

Дзяніс Васількоў: А я б застаўся на Bassement Jaxx. Мне яны больш падабаюцца.

Міла Котка: Менавіта такім чынам зрабіла значная колькасць брытанцаў, якія прыехалі адмыслова на Bassement Jaxx, ды не было бачна, што шмат народу паехала глядзець старычкоў рок-н-ролу. Як і на астатніх галоўных канцэртах, народу было тысяч дваццаць. Нават, больш скажу, натоўп быў параўнальны з натоўпам, які прысутнічаў на адкрыцці фэсту падчас выступу The Prodigy.

Дзяніс Васількоў: А ці зайгралі Bassement Jaxx свой галоўны хіт Where you head At?

Міла Котка: Канешне! Спачатку Bassement Jaxx гралі песні з новага альбому, якія людзі успрымалі не вельмі ахвотна, хіба, мала былі знаёмыя з новым матэрыялам. Але пасля невялікай паўзы (якая дала нагоду думаць, што ўсё скончылася), пачаліся першыя акорды старых знаёмых мелодыяў, і людзі ледзь не вар’яцелі, усе скакалі ды танчылі, гэта было проста неверагодна, што робіць з народам гэтая музыка.

Дзяніс Васількоў: Міла, як мы табе зайздросцім! Скажы, а што чакаць сёння у апошні дзень фестывалю?

Міла Котка: Сёння хэдлайнерамі з’яўляюцца WU-TANG CLAN.

Дзяніс Дзюба і Дзяніс Васількоў: ЁЎЁЎЁЎЁЎЁЎЁЎЎЎЎЎЎЎ!!!!!!

Міла Котка: Вось менавіта, ёў-ёў! Паглядзім колькі іх там прыедзе. Абавязкова раскажу, каго і колькі прыехала, можа нават і ў вечаровым ўключэнні.

Дзяніс Васількоў: З хэдлайнерамі разабраліся. А што яшчэ ёсць цікавага на Exit Festival?

Міла Котка: Мяне уразіла Party Arena, на якой амаль нон-стоп граюць Dj’і. Гэтая танцавальная арэна вельмі добра з’арганізаваная: знаходзіцца яна, напрыканцы, крэпасці і складаецца з двух узроўняў. Першы – сама пляцоўка, на якой танчаць, потым узровень на якім людзі таксама адрываюцца і бачаць усё навокал, і апошні ўзровень – гэта цуд! Там самы лепшы гук ды святло. Дарэчы гук вельмі якасны і камфортны, разумеце, ён нікуды не знікае, а знаходзіцца на ўсіх трох узроўнях, зачынены сценамі крэпасці.

Дзяніс Васількоў: Міла, ты ня так даўно была на Heineken Opener Festival, ці магчыма гэта параўнаць з Exit Festival? Ня маю на ўвазе музыкаў, а арганізацыю, атмасферу...

Міла Котка: Фестываль выйграе, калі ён знаходзіцца не проста ў полі, як Heineken Opener Festival, а ў нейкім месцы якое мае сваю гісторыю і атмасферу. Вам не перадаць адчування шчасця, калі ходзіш па гэтых мурах, дзе літаральна з табой валуны размаўляюць. Людзей, магчыма, і менш чым на Heineken Opener Festival, бо сама крэпасць змяшчае не больш за 50 тысяч чалавек, ды і тое, калі вельмі шчыльна стаць.


Субота, 14 ліпеня:

Міла Котка працягвае працаваць на Exit фэсце ў сербскім Новым Садзе. І вось што яна паведаміла адтуль суботняй раніцай:

Агулам на Exit фэсце 24 пляцоўкі, на якіх за 4 дні адыграюць больш за 400 музыкаў з усяго свету. У першы дзень фэсту - чацвер 12 ліпеня – грымелі Robert Plant і The Prodidy. Афіцыйны старт фэсту даў салют і фаер-шоў.







/sites/default/files/legacy_articles/images/2007/07/80934/cms-image-000002094.jpg, дзе ўласна і адбываецца фэст, стаіць на узвышшы ля ракі Дунай. Уначы яна пераўтвараецца ў вялікую нон-стоп дыскатэку! Дарэчы, музыку чуваць ажно за некалькі кварталаў на другім баку ракі!



Гэта крэпасць удзень, ціха, людзей яшчэ няма. Але як толькі вечарэе - усе гэтыя хады, тунэлі, лесвіцы і пераходы напаўняюцца гучнай музыкай і фествальшчыкамі.



У Новым Садзе паралельна з Exit фэстам праходзіць і знакамітая на ўвесь свет вулічная выстава размаляваных кароў.



Так выглядае рачны пляж каля кэмпінгу - арганізатары запэўніваюць, што Дунай чысты, купацца там можна!



Паўсюль у крэпасці і каля яе - вялізарная колькасць намётаў і кіёскаў, дзе прадаецца ежа, пітво і розныя фествальныя аксэсуары. У ежы мясцовыя жыхары аддаюць перавагу варанай кукурузе, а ў пітве - натуральна, піву і нацыянальнай сербскай "гарэлцы" - ракіі.



"/sites/default/files/legacy_articles/images/2007/07/80934/cms-image-000002092.jpg" напісана на шыльдзе. Кожны падходзіць і малюе тое, на што "натхніўся", - так бавяць час жыхары намётавага мястэчка да канцэрта. Мова жыхароў кэмпінгу – пераважна англійская, бо на фэст з'ехалася рэкордная колькасць брытанцаў. Арганізатары кажуць, што і беларусаў нямала, але Міла Котка пакуль не адшукала іх месца дыслакацыі. Міла мяркуе, што яны пад брытанцаў косяць.



Там, адкуль льецца моцны прамень святла - галоўная пляцоўка фэсту. Нагадаем, хэдлайнерамі фэсту ў пятніцу, 13 былі Beasty Boys, у субботу – будуць Basement Jaxx і Lauryn Hill. У апошні дзень Exit’у, нядзелю выступіць самгурт з самым гучным імем - Wu-Tang Clan. Сёння, у суботу фестывалю ў Новым Садзе давядзецца вытрымаць вялікую канкурэнцыю з Белграда, дзе мае адбыцца канцэрт легендарных The Rolling Stones.


Выступ The Prodigy

Даведка Еўрарадыё

Фэст: Exit Festival
Дата: 12-15 ліпеня 2007 года.
Месца: Новы сад, Сербія (Novi Sad, Srbija).
Хэдлайнеры: Basement Jaxx, Beastie Boys, The Prodigy, Robert Plant, LTJ Bukem & MC Conrad, Groove Armada, Snoop Dogg і іншыя.
Афіцыйны сайт: www.exitfest.org

Exit Festival – чатырохдзённы музычны фестываль, ладзіцца штогод у Сербскім горадзе Новы Сад. Фэст праходзіць у маляўнічым месцы - у Петраварадзінскай крэпасці 18 стагоддзя, якая ўзвышаецца над Дунаем.

Упершыню фестываль арганізавалі ў 2000 годзе некалькі сербскіх студэнтаў. Ён мусіў стаць альтэрнатывай, своеасаблівым выйсцем для сербскай моладзі, якая падчас рэжыму Слабадана Мілошавіча апынулася ў культурным вакууме. Адсюль і назва фэсту - Exit (анг.Exit - выхад). Усяго за некалькі год Exit Festival стаў вялікім і прызнаным музычным фестывалем, на які штогод прыяжджаюць меламаны з усёй Еўропы.

У гэтым годзе Еўрарадыё едзе на гэты фестываль, каб адкрыць яшчэ адно крутое месца для культурнага адпачынку! Еўрарадыё стала адзіным беларускім СМІ, акрэдытаваным на Exit Festival. У Сербію выправілася Міла Котка - нашая зацятая фестывальная тусоўшчыца.

Усе фестывальныя дні Міла будзе ўвесь час на сувязі з нашымі ды-джэямі. Інфармацыя пра падзеі фэсту будзе з’яўляцца на сайце ў рэжыме рэальнага часу. Выпраўся на Exit Festival у Сербіі разам з Еўрарадыё праз www.belradio.fm!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі