На дзень нараджэння Rocker Joker жадае атрымаць публіку

Па словах удзельніка калектыву Міхея Насарогава, музыкі не жадаюць рабіць з гэтай падзеі нейкую помпу, таму для святкавання быў абраны менавіта "Графіці".

Міхей Насарогаў: "Нам жа падабаецца ўсё маленькае і дастаткова камернае. Мне падаецца, што галоўнае – гэта каб атрымалася атмасфера сяброўскай пасядзелкі. Не жадаем мы ніякай помпы ды размаху. Гэта мусіць быць дастаткова любоўнае мерапрыемства. Будзем выпіваць, песні пець, мы падрыхтавалі некалькі сюрпрызаў. Магу сказаць, што гэта будзе трошкі незвычайнае для нас музычнае трактаванне песень".

Ніякіх запрошаных гасцей падчас святкавання не чакаецца, музыкі самі адыграюць тры паўгадзінныя блокі. Магчыма, калі хлопцы паспеюць падрыхтавацца, то паралельна на вялікім экране будуць паказвацца кліпы Rocker Joker.

Варта адзначыць, што наведвальнікі імпрэзы апроч квітка мусяць прынесці нейкі падарунак. Да прыкладу, Міхей быў бы рады, калі не яхце, то проста прыемнаму фецішу.

Міхей Насарогаў: "Асабіста я не грэбую і ліслівасцю да сябе, нейкіх кампліментаў. Мне не чужыя нейкія дробныя прыемныя фецішы на памяць пра падзею. Не, ну было б, натуральна, прыемна, атрымаць у падарунак аўтамабіль ці яхту, але гэта ж фантасмагарычная мара. Мне падаецца, што калі людзі прыйдуць, гэта ўжо і будзе падарункам".

На думку Міхея, за першы год жыцця Rocker Joker яшчэ не варты называцца паспяховым праектам, але перакананы, што ў хуткім часе гэта зменіцца.

Міхей Насарогаў: "Казаць пра тое, што ў гурта ёсць сур'ёзная цяпершчына, я думаю пакуль рана. Не такога размаху праект, каб нас можна было назваць сур'ёзнымі артыстамі. Але я думаю, што пасля выхаду другой кружэлкі, усё стане на свае месцы, бо мы рупліва над ёй працуем, і тое, што атрымліваецца, нас радуе".

Дарэчы новы альбом музыкі плануюць выдаць яшчэ ў гэтым годзе, але з-за занятасці ў кліпмэйкерстве ды распрацоўкі праектаў на музычным тэлебачанні, пра якія Міхей казаць адмовіўся, працэс запісу ідзе вельмі марудна.

Міхей Насарогаў: "Працэс ідзе вельмі павольна, але ў прынцыпе мне гэта пасуе, бо з-за паўз, якія ўзнікаюць, становяцца заўважнымі нейкія хібы, і мы зараз не лянуемся іх выпраўляць. Абавязкова хочам зрабіць гэта да новага года, абавязкова… Вельмі хочам запісацца ў 2010-м годзе, але тут, як космас пажадае".

Дададзім, што святкаванне пачнецца ў 19:00 18 лістапада ў клубе "Графіці". Квіткі каштуюць 20 тысяч. І не забывайцеся на падарункі!

Фота: generation.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі