На Брэстчыне хочуць сабраць 50 тысяч подпісаў за “Народны рэферэндум”

Пра гэта Еўрарадыё паведаміў каардынатар грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” па Брэсцкай вобласці Ігар Маслоўскі:

"Зараз у Брэсцкай вобласці ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” зарэгістравана 57 ініцыятыўных груп. Усе яны сёння прыступілі да працы па збору подпісаў. Ходзім па кватэрах, збіраем подпісы і за нашых кандыдатаў у дэпутаты, і за 6 пытанняў, каб вынесці іх на рэферэндум. Гэта наша доўгатэрміновая стратэгія. Па вобласці павінны сабраць ад 20 да 50 тысяч подпісаў".

Ігар Маслоўскі нагадаў, што грамадзянам прапануецца падтрымаць вынясенне на рэферэндум пытанняў пра бясплатнасць дзяржаўнай адукацыі і аховы здароўя, выбарнасць кіраўнікоў выканаўчых органаў мясцовай улады, курс на інтэграцыю з ЕС, неразмяшчэнне на тэрыторыі Беларусі вайсковых базаў трэціх краін, абмежаванне знаходжання на пасадзе прэзідэнта двума тэрмінамі і падкантрольнасць прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці.  


Рэферэндум яго арганізатары спадзяюцца правесці да прэзідэнцкіх выбараў 2015 года.

Фота — westki.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі