"На бізнесе ў Беларусі ставім крыж": кампаніі чакаюць, калі да іх "прыйдуць"

Абвінавачванне непажаданага бізнесу ва ўхіленні ад выплаты падаткаў — адно з самых распаўсюджаных / Еўрарадыё
Абвінавачванне непажаданага бізнесу ва ўхіленні ад выплаты падаткаў — адно з самых распаўсюджаных / Еўрарадыё

Весці бізнес у Беларусі да 2020 года было досыць камфортна, але ціск уладаў і магчымая адмена спрошчанай сістэмы падаткаабкладання ставіць пад пагрозу развіццё кампаній, лічыць заснавальнік кампаніі "Чысты кіт" Іван Шыла.

Бізнесмену і былому актывісту "Маладога фронту" ўдалося за восем месяцаў стварыць клінінгавую кампанію ў Польшчы, якая па памерах перавысіла беларускі бізнес, які будаваўся пяць гадоў. Пра тое, якія ёсць перашкоды для развіцця бізнесу ў Беларусі, як кампаніі чакаюць, калі да іх "прыйдуць", і чаму эміграцыя — карысная для нацыі, Іван Шыла расказаў у стрыме Еўрарадыё.

Мы сабралі самае цікавае з гутаркі з Іванам Шылам.

 

Да 2020 года было складана, але не чакалі, што "прыйдуць"

Клінінгавы бізнес Іван Шыла пачынаў з братам, каб зарабіць грошай і праверыць, ці сапраўды з вядзеннем сваёй справы ў Беларусі так складана, як пра гэта кажуць.

— У нас быў эмпірычны інтарэс. І мы вырашылі паспрабаваць. Хоць клінінг — гэта наогул не тая праца, якой я б хацеў займацца. Вядома, хацелася б зрабіць ІТ-кампанію, але парог уваходу ў клінінг вельмі нізкі. Пару тысяч долараў уклаў, і, калі нічога не атрымалася, гэта не суперстрашна.

Аказалася, што зарэгістраваць бізнес не складана, але потым непатрэбных папер аказваецца даволі шмат, адзначае суразмоўнік.

— Ёсць нейкія кнігі ўліку даходаў і расходаў, яшчэ нешта. Гэта мне ў прынцыпе не вельмі падабаецца, таму што я не хачу шмат лічыць, я не люблю паперкі. І гэтыя рэчы на самай справе не вельмі патрэбныя. Мне проста хочацца рабіць прадукт, — расказвае Іван Шыла. — Кныровіч [бізнесмен, які прабыў 5 гадоў у калоніі праз абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і дачы хабару ў вялікім памеры. — Еўрарадыё] пра гэта моцна і смела ў 2016 годзе казаў. Я яшчэ здзіўляўся, як гэта магчыма, калі сядзіць побач Румас. Усе Кныровіча слухаюць, а потым у зале задаюць дзіўныя пытанні прадстаўнікі падатковай і гэтак далей. Для Кныровіча гэта ўсё скончылася арыштам.

З тых часоў усё стала яшчэ складаней. Калі ў 2019 годзе кіраўнік "Чыстага кіта" сказаў бы, што ў цэлым у Беларусі можна займацца бізнесам, то сёння кампаніі проста чакаюць, калі да іх прыйдуць кантрольныя органы або сілавікі.

“На бизнесе в Беларуси ставим крест”: компании ждут, когда к ним “придут”
Уладальнікі "21 век", "Юркас" і "Модум" абвінавачваюцца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў

— Прычым гэта не будзе звязана з фактычнымі парушэннямі, а з тым, што ты дзесьці затрымліваўся, нешта не так сказаў. Можа быць, быў сябрам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. Думаю, многія бізнесы знаходзяцца ў такім становішчы ў Беларусі.
 

Рэлакацыя бізнесаў — трэнд на некалькі гадоў

На фоне становішча ў краіне на развіццё бізнесу ў Беларусі Іван Шыла не разлічвае.

— На беларускім бізнесе мы ставім, можа быць, не тоўсты крыж, але пункцірам гэта ўжо закрэсліваецца. Ён ёсць, але мы разумеем, што няма ніякіх правілаў і магчымасцяў абараніць яго ў судзе. Раней эканамічныя суды хоць неяк працавалі.

Неабавязкова да кампаніі могуць прыйсці з праверкамі праз палітыку. Так адбываецца таму, што дзяржаве бракуе грошай, упэўнены суразмоўнік.

“На бизнесе в Беларуси ставим крест”: компании ждут, когда к ним “придут”
Спрошчаная сістэма дапамагае бізнесам скараціць расходы / Еўрарадыё

Калі спрошчаную сістэму падаткаабкладання адменяць, то бізнес-мадэль такога прадпрыемства, як "Чысты кіт", апынецца пад пагрозай.

— Бізнес развіваецца, але ёсць фактары, якія гавораць пра тое, што ў перспектыве двух-трох гадоў яго можа і не быць наогул. У нас ужо ёсць кампанія, якая працуе ў Варшаве і Кракаве, і яна большая па лічбах, чым у Мінску. Мы працуем тут толькі восем месяцаў. А ў Беларусі гэта карабель, які, пакуль плыве, хай плыве, — кажа Іван Шыла. — Чакаць, што з Беларусі з'едуць усе бізнесы на працягу года, напэўна, не варта. Будзе трэнд на некалькі гадоў. Людзі будуць шукаць магчымасці жыць і працаваць у іншых краінах.

 

"На працу прыходзяць беларусы, якія ніколі б не працавалі ў клінінгу"

У Варшаве і Кракаве працуе шмат беларусаў, у тым ліку ў кампаніі Івана Шылы.

— Мы вельмі цэнім беларусаў. Яны вельмі сумленныя, прыстойныя. Гэта важна, калі мы ходзім у кватэры да іншых людзей. І безумоўна, я радуюся, калі бачу беларускі пашпарт, мы адразу можам пра нешта пагаварыць.

“На бизнесе в Беларуси ставим крест”: компании ждут, когда к ним “придут”
Марш салідарнасці ў Варшаве / Еўрарадыё

— Італьянцы з'язджалі масава, ірландцы, брытанцы, урэшце, з'язджалі і скаралі свет. Беларусы гэтага не рабілі. Магчыма, для будаўніцтва нацыі — гэта добры працэс.

З пункту гледжання краіны незразумела, чым усё скончыцца. У Афганістане таксама маглі думаць, што ўсё хутка скончыцца і ўсё будзе добра. Шмат сцэнароў, у тым ліку самых дрэнных.

У той жа час, паколькі беларусаў за мяжой становіцца ўсё больш, з'яўляецца больш падстаў і магчымасцяў для стварэння дыяспар.

— Больш за тое, людзі падкрэсліваюць, што яны беларусы. Таму гэта проста этап, у якім мы апынуліся. З пункту гледжання нацыі нядрэнна б атрымаць досвед жыцця за мяжой вялікай колькасці людзей, — робіць выснову Іван Шыла.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі