На беларуска-літоўскай мяжы чэргі да 2015 года

Каб даехаць да развітальнага канцэрта “Ляпіса Трубяцкога” ў Вільні, некаторым прыхільнікам давялося адстаяць па 10 гадзін на беларуска-літоўскай мяжы.

“Варта было б выехаць у пятніцу днём, але пасля працы мы неяк не паспелі сабрацца, таму выехалі ў суботу а сёмай раніцы, — узгадвае Яна, якая набыла квіток за дзень да канцэрта і з-за гэтага была маральна непадрыхтаваная да паездкі. — Калі мы прыехалі на Каменны лог, там ужо было машын 50. Я б не сказала, што ўсе яны былі фанаты “Ляпісаў”, бо там была куча расійскіх нумароў, ды людзей, якія відавочна ехалі за пакупкамі. А тыя, хто ехаў на канцэрт, пераходзілі мяжу пешшу”.

Па сцверджанні Памежнага камітэту Беларусі, амаль кожныя выхадныя колькасць людзей на мяжы значна павялічваецца. Памежныя службы перафарматуюць сваю працу, каб пазбегнуць кіламетровых чэргаў. Але сезонныя зніжкі ў крамах, вялікія святы, канцэрты ці, як цяпер, падрыхтоўка дзяцей да школы ў разы павялічвае прыток. Пункты пропуску проста не здольныя справіцца.

“Гэтыя пункты пропуску пабудаваныя гадоў 15 таму, — тлумачыць пастаянныя чэргі прэс-сакратар памежнага камітэту Літвы Гедрыюс Мішуціс. — Па тэхналогіях пропуску таго часу. А цяпер, калі патокі людзей павялічыліся ў тры і болей разоў, яны, натуральна, не спраўляюцца. Інфраструктура ўжо не адпавядае патрабаванням. Нават фізічна там няма месца, каб павялічыць колькасць супрацоўнікаў памежных службаў. Таму яны працуюць на мяжы сваіх магчымасцяў і хутчэй наўрад ці здолеюць прапускаць. Наколькі мне вядома, на мінулыя выходныя для беларусаў нават былі афіцыйна спрошчаныя правілы праходу”.

У беларускім памежным камітэце цалкам згодныя з літоўскімі калегамі. Але аднабаковае вырашэнне сітуацыі тут немагчымае.

“Мусяць быць сумесныя бюджэты, планы, — каментуе прэс-сакратар беларускіх памежнікаў Аляксандр Цішчанка. — Трэба ж не толькі самі пункты палепшыць, але і дарогу паміж імі, дарогу да іх… У аднабаковым парадку гэта рабіць праблематычна і бессэнсоўна, бо мы атрымаем эфект бутэлечнага рыльца. Цяпер прапрацоўваем пытанні электронных чэргаў, каб людзі маглі забраніраваць сябе месца ў чарзе. Плануем пачаць з пункта Казловічы ў 2015-2017-м гадах, а там, і да Каменнага логу дабяромся”.

Дарэчы, рэканструкцыю Каменнага логу абяцалі пачаць у бліжэйшы час. Планавалася, што на гэты час будуць адкрытыя дадатковыя пераходы, у тым ліку, бліжэйшы "Лоша — Шумскас", які мусілі пераабсталяваць са спрошчанага ў міжнародны.

Заканчваем распрацоўку праектна-сметнай дакументацыі, — распавядае намеснік старшыні ашмянскай таможні па пытаннях развіцця інфраструктуры Павел Абрамовіч. — Мы ж, так бы мовіць, гасударавы людзі і працуем у адпаведнасці з інвестыцыйнай праграмай, якую зацвярджае прэзідэнт. Сёлета яна не прадугледжвала будаўніцтва пункта пропуску. Мяркуем, што ў наступным годзе, але пакуль яшчэ мы не бачылі інвестыцыйнай праграмы, таму адназначна сцвярджаць не магу”.

Таксама пакуль не вядома, як будзе з фінансаваннем з літоўскага боку. Але дакладна рэканструкцыя пачнецца з абодвух бакоў адначасова.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі