Вы тут

На БелАЭС пацвердзілі, што менеджар “Атамбудэкспарта” выдалены з будпляцоўкі

zhodinonews.by

Начальніку ўпраўлення вентыляцыі і сістэмы пажаратушэння расійскага прадпрыемства “Атамбудэкспарт” Дзмітрыю Зіноўеву забаронены ўваход на будпляцоўку Беларускай АЭС. У дырэкцыі станцыі Еўрарадыё паведамілі, што праца Зіноўева прывяла да шэрагу парушэнняў, якія могуць прывесці да збояў работы АЭС. “Атамбудэкспарт” — адзін з падрадчыкаў на будоўлі БелАЭС.

“У адпаведнасці з генеральным кантрактам мы маем права выдаляць асоб, якія вядуць сваю дзейнасць непрафесійна ці працуюць у нейкім іншым ключы. Мы гэтым правам скарысталіся, — расказвае намеснік генеральнага дырэктара БелАЭС па рэжыме і фізічнай абароне Міхаіл Кісель. — На тэрыторыі БелАЭС яго [Дзмітрыя Зіноўева. — Еўрарадыё] няма, доступ на пляцоўку ануляваны. 

Абсталяванне, у якім былі выяўлены недахопы, замененае. Натуральна, што на тэрыторыі будаўніцтва яго не будзе”.

Міхаіл Кісель на стаў каментаваць чуткі пра затрыманне Зіноўева. Нагадаем, яны з’явіліся 23 верасня, калі тэлеграм-канал NEXTA апублікаваў ліст за подпісам гендырэктара БелАЭС Міхаіла Філімонава. У дакуменце паведамляецца, што 6 красавіка Дзмітрый Зіноўеў быў затрыманы, супраць яго распачата крымінальная справа за камерцыйны подкуп. Нібыта затрыманне адбылося, калі Зіноўеў атрымліваў грошы ад прадстаўніка ТАА “НВА Вентэхсэрвіс” і ТАА “Леванта Груп”.

У Следчым камітэце, куды звярнулася Еўрарадыё, інфармацыю пра затрыманне Дзмітрыя Зіноўева пакуль не пацвердзілі, але і не абверглі.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.