На астравецкім прадпрыемстве, дзе адбыўся выбух, было забаронена працаваць

Працягваецца расследаванне ўчорашняга выбуху ў вытворчым памяшканні астравецкага таварыства з абмежаванай адказнасцю «РостБалткомлект».  Пацярпелі трое рабочых, якія былі шпіталізаваныя. «Еўрарадыё» датэлефанавалася да астравецкай бальніцы, каб даведацца пра іх стан. Вось што распавёў лекар Дзяніс Казакевіч:

«Там такі стары цэх быў. Ходзяць чуткі, што там было забаронена працаваць... Узарвалася печка. Адзін рабочы з апёкамі. Апёк полымем жывата і левай верхняй канечнасці».

Паводле яго словаў, 53-гадовы мужчына акрамя апёкаў атрымаў яшчэ і кантузію. Ён па-ранейшаму знаходзіцца ў рэанімацыі. Яшчэ двое рабочых з пераломамі, ранамі галавы — ў хірургічным аддзяленні.

Нагадаем, у цэху па вытчорчасці брыкетаў з апілак выбухам было выбітае шкло, разбураныя цагляныя перагародкі, дах, абсталяванне. Паводле папярэдніх звестак Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, прычынай здарэння стала «парушэнне тэхналагічнага рэгламента пры вытворчасці брыкета».

Дарэчы, яшчэ ў студзені Дзяржпажарнагляд забараніў эксплуатацыю прадпрыемства, але кіраўніцтва «РостБалткомлекта» яго праігнаравала.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі