На Аляксея Талая ва Украіне пачалі крымінальную справу за вываз дзяцей

Аляксей Талай

Аляксей Талай / sportedu.by

Ва Украіне пачалі крымінальную справу на беларускага параалімпійца Аляксея Талая, перадае Радыё "Свабода". Расследуецца ягоная дзейнасць у незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з часова акупаванай тэрыторыі Украіны.

У сакратарыяце ўпаўнаважанага Вярхоўнай Рады па правах чалавека кажуць, што крымінальная справа на Талая пачатая па дзвюх першых частках артыкулу 438 Крымінальнага кодэксу Украіны — парушэнне законаў і звычаяў вайны. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў ці пажыццёвае зняволенне.

Таксама ў сакратарыяце ўкраінскага амбудсмена падкрэслілі, што прымусовы вываз дзяцей падпадае пад тры артыкулы Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суда — генацыд у выглядзе дэпартацыі або гвалтоўнага перамяшчэння насельніцтва, злачынства супраць чалавечнасці і ваеннае злачынства.

Расследаваннем справвы займаецца Галоўнае следчае ўпраўленне Службы бяспекі Украіны. Дзейнасць Талая разглядаецца як адзін з эпізодаў у незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый у Расію і Беларусь.

Дарэчы, раней Украіна ўвяла санкцыі супраць Аляксея Талая і яго фонду.

Следчым перадалі таксама матэрыялы пра больш як 2000 ідэнтыфікаваных украінскіх дзяцей, якіх з верасня 2022-га да траўня 2023 года даставілі ў дзіцячы цэнтр "Дубрава" ў Мінскай вобласці.

Ці з'яўляецца Аляксандр Лукашэнка фігурантам гэтай крымінальнай справы, у сакратарыяце ўпаўнаважанага Вярхоўнай Рады па правах чалавека не адказалі. Але дадалі, што перамовы пра вяртанне дзяцей ва Украіну вядуцца толькі з Расіяй.

На гэты час ва Украіну змаглі вярнуць толькі 387 дзяцей. Агульная колькасьць незаконна вывезеных дзяцей, паводле ўкраінскіх падлікаў, перавысіла 19 тысяч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі