Вы тут

На адным з участкаў у Мінску скончыліся бюлетэні

Выбарчы бюлетэнь / svaboda.org

На 40 хвілінаў спынялася галасаванне на 42-м участку Першамайскага раёна Мінска. Там папросту скончыліся выбарчыя бюлетэні. Пра гэта ў каментары Радыё "Свабода" паведаміла выбарніца Іна Катлунова, якая прыйшла галасаваць на ўчастак у 14:30, а прагаласавала праз дзве гадзіны.

З розных участкаў выбарцы, якія прыйшлі галасаваць з белымі бранзалетамі, паведамляюць, што ім выдаюць сапсаваныя бюлетэні — у іх ужо стаіць кропка ў графе за Аляксандра Лукашэнку. Людзі просяць замяніць такія бюлетэні.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў каментары тэлеканалу "Беларусь 1" абвінаваціла ў псаванні бюлетэняў ініцыятыву "Сумленныя людзі". Па яе словах, правакатары наўмысна псуюць бюлетэні.

"Яны звяртаюцца па другі бюлетэнь, псуюць другі. І калі ім адмаўляюцца выдаваць новы, яны кажуць: вы парушаеце нашы канстытуцыйныя правы. Адразу ж магу сказаць, што норма запісаная так, што прадугледжвае выдачу аднаго бюлетэня наўзамен аднаго сапсаванага", — заявіла чыноўніца.