На адну ноч Сілічы стануць міні-гарадком электроннай музыкі

У пятніцу, 6 чэрвеня, гарналыжны цэнтр Сілічы будзе зусім не гарналыжным, а прагрэсіўна-электронным. Там пройдзе вялікі рэйв Refresh Wave, на які запрошаны тры вядучыя брытанскія ды-джэі: Джэймс Забэла (James Zabiela), Эліт Форс (Elite Force) і Міт Каці (Мeat Katie). А таксама каля дваццаці лепшых беларускіх ды-джэяў. Арганізатары кажуць, што такога рэйву Беларусь яшчэ не бачыла. Не бачыла таму, што вялікія электронныя падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі, звычайна двух катэгорый: альбо прывозяць аднаго вядомага ды-джэя, альбо прыязжае раскручаны электронны лэйбл са сваёй вечарынай (Renaissance, Ministry of Sound, Global Gathering і г.д.). А тут прамоўтары вырашылі зрабіць сваё, беларускае, але вялікае і з сусветнымі зоркамі.

Адзін з арганізатараў Сяргей Шыма кажа, што спачатку была спакуса зрабіць таксама ўсё пад аднаго ды-джэя, але ў часе арганізацыі выступу планы змяніліся:

Шыма: “Мы, насамрэч, таксама пачыналі рабіць усё як звычайна, пад аднаго ды-джэя, – Джэймса Забэлу. Але паступова ўсё пераўтварылася ў нейкі фестываль. Уявіце толькі, 6 танцпляцовак, 150 кілават гуку – у Сілічах будзе сапраўны міні-гарадок электроннай музыкі. І людзі адрэагавалі на гэта вельмі пазітыўна – таму што такога яшчэ не было”.

Сапраўды, не было, каб у адным месцы збіралі столькі ды-джэяў. З замежных гасцей хэдлайнерамі будуць Джэймс Забэла – ды-джэй, які паводле рэйтынгу брытанскага аўтарытэтнага часопісу DJ Mag уваходзіць у двадцатку лепшых ды-джэяў свету. Забэла грае house, techno і breakbeat.

З Брытаніі прыедуць яшчэ два выдатныя ды-джэі — Эліт Форс і Міт Каці. Абодва працуюць у накірунку брэйкбіту і хаузу.

Дарэчы, мінскія клаберы мелі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю гэтых ды-джэяў, таму што кожны з іх па-асобку ўжо выступаў у Мінску.

Нягледзячы на тое, што, па словах Сяргея Шымы, спецыяльных сетаў знаным гасцям не замоўлена, публіка не расчаруецца, бо прыяжджаюць вядомыя прафесіяналы:

Шыма: “Гэта вельмі няўдзячная справа прасіць ды-джэяў загаддзя вызначыцца з тым, што яны будуць граць. Гэтыя людзі прафесіяналы, яны ведаюць што рабіць на любой пляцоўцы. І самае клёвае, на мой погляд, калі ты не ведаеш, што будзе граць ды-джэй. God is a DJ! — вельмі правільная фраза”.

Беларускім ды-джэям таксама дадуць волю творчасці. Адзінае – іх размяркуюць па стылевых напрамках. Адныя будуць граць на брэйкс-пляцоўцы, другія на чыл-аўт-пляцоўцы, трэція – на пляцоўцы з трансам і г.д.

Яшчэ адзін момант, які вельмі хвалюе публіку – арганізацыйны, то бок транспарт, пітво, паленне, туалеты. Адказваючы на гэта пытанне, Сяргей Шыма перастрахаваўся, сказаўшы, што “нічога грандыёзнага мы не абяцаем, але ўсё будзе на ўзроўні, якасна, каб ніхто не запарыўся”. Але мы удакладнім: бясплатныя аўтобусы будуць курсаваць усю ноч са ст.м. “Усход”, паліць можна будзе ўсюды, акрамя закрытых пляцовак, пітво сваё праносіць нельга, але ніхто не забароніць пакінуць у машыне “запас” і час ад часу выходзіць на “дазапраўку”. Ну, і біятуалетаў, быццам бы, будзе дастакова.

Аматарам прыязжаць выключна на хэдлайнераў арганізатары параілі падцягвацца да 12 гадзіны ночы. А ўвогуле, глядзіце лайн-ап і вырашайце самі.

Лайн-ап Refresh Wave

Галоўная арэна:

23:00 — Alex Skiba
00:00 — Meat Katie (UK)
01:30 — James Zabiela (UK)
03:30 — Elite Force (UK)
05:00 — Mihas
06:00 — Shimanskill

Dnb / Breaks танцпляцоўка:
23:00 — Rog
00:30 — Sworm
01:30 — T-Trider
03:00 — Access Denied (Брэст)
04:30 — Alex Skiba
06:00 — Vadim Key

Open Air танцпляцоўка:
22:00 — Stadler
23:00 — Mongol
00:00 — Grey
01:00 — S.Uncle (Гомель)
02:30 — Nerv
04:00 — I. F. U.
05:00 — Gurami

Euthanasia танцпляцоўка:
DJ Techo
DJ Gleb Luv
DJ Uvhiol
DJ Headshot
DJ Trick
DJ Делос
VJ Teknoir
VJ Plaha

Chill Out танцпляцоўка:

23:00 — Check
01:00 — G100F
03:00 — EyeQ
05:00 — Gaamer

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі