На абранне кожнага члена выбарчай камісіі спатрэбілася 5 секунд

Да пазітыўных зменаў у Беларусі штурхаюць знешне-палітычныя абставіны. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Варшаве паведаміў старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак. Па яго словах, рэжым мяняе форму паводзінаў, таму што пагоршыліся адносіны з Расіяй і відавочна трэба паляпшаць стасункі з Захадам. Таму ў нашай краіне на сёння няма ніводнага палітзняволенага, а таксама не адбываецца жорсткіх палітычных рэпрэсіяў. Алег Гулак: “Я, канешне, ніякім чынам не хачу сказаць, што гэта сведчыць аб тым, што беларускі рэжым стаў іншы, што ён перастаў падаўляць правы чалавека. На жаль, не. Сутнасць засталася тая ж. Але формы крыху змяніліся. І гэтых рэпрэсіяў стала меней зноў жа не таму, што сутнасць рэжыму змяніліся. А таму што змяніліся ўмовы. Пагоршыліся стасункі з Расіяй. Стала відавочнай неабходнасць паляпшаць адносіны з Еўропай”.

Таксама спадар Гулак распавёў, што ў перадвыбарчай кампаніі адбываюцца відавочна станоўчыя змены ў параўнанні з мінулымі выбарамі. Аднак усё роўна гэтых зменаў недастаткова. Так, усяго 42 прадстаўнікі апазіцыі ўвайшлі ў склад выбарчых камісіяў, якіх па Беларусі каля 6 з паловай тысяч.

Алег Гулак: “Практычна без праблемаў былі зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы. Больш-менш свабодна вёўся збор подпісаў, перадача гэтых подпісаў для рэгістрацыі кандыдатаў. Гэта ўсё было з меншымі праблемамі, чым раней. Але камісіі сфарміраваныя практычна так, як былі б сфарміраваныя раней. У акруговых камісіях прадстаўнікоў апазіцыі адзінкі. Гэта не такая лічба, каб на нешта ўплываць”.

Нягледзячы на адносную дэмакратызацыю выбараў, БХК ужо канстатуе некаторыя парушэнні. Так у адной з камісіяў, спіс прадстаўнікоў афіцыйна яшчэ не складзены, а ўжо існуе неафіцыйны спіс з прозвішчамі яе кіруючага складу. Акрамя таго, па падліках БХК, на абранне кожнага члена камісіі спатрэбілася 5 секунд.

Алег Гулак: “Больш за тысячу членаў камісіяў былі зацверджаныя на паседжанні выканкамі за паўгадзіны. Гэта значыць – мы палічылі – па 5 секунд на аднаго чалавека, калі гэтую кожную кандыдатуру разглядалі. Гэта несур’ёзна. Так быць не можа”.

Таму, асаблівых спадзеваў на свабодныя і дэмакратычныя выбары прадстаўнікі БХК не нясуць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі