МЗС заявіў пра неабходнасць юрыдычна аформіць адносіны з Еўрасаюзам

Мінск, 15 лістапада. Кіраўнік аддзела АБСЕ і Савета Еўропы галоўнага ўпраўлення Еўропы МЗС Беларусі Дзяніс Сідарэнка заявіў пра неабходнасць юрыдычна аформіць адносіны з Еўрасаюзам. Выступаючы 15 лістапада на XI Мінскім форуме, ён заклікаў вызначыцца са статусам пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве PCA (Partnership and Cooperation Agreement), якое было падпісана бакамі ў 1995 годзе, але не ўвайшло ў сілу.

Прадстаўнік МЗС заявіў пра новую старонку ў адносінах паміж Беларуссю і ЕС і важнасць працягу дыялогу і працы па пераадоленні рознагалоссяў. Ён падкрэсліў, што Брусель павінен казаць не пра ўмовы развіцця адносін з Беларуссю, а пра свае чаканні. Паводле слоў Д.Сідарэнкі, у развіцці адносін галоўнымі павінны быць інтарэсы звычайных грамадзян краін ЕС і Беларусі.

Кіраўнік аддзела Беларусі, Малдовы і Расіі МЗС Германіі Эрнст Райхель адзначыў адсутнасць юрыдычнай магчымасці развіцця адносін паміж Мінскам і Бруселем без PCA. Ён падкрэсліў, што чым бліжэй Беларусь будзе да Еўрасаюза, тым большымі будуць чаканні. "Як ні называй умовы Еўрасаюза, праз пяць месяцаў настане час, калі Брусель падвядзе рысу, каб паглядзець, што зроблена беларускімі ўладамі. Патрабаванні ЕС патрэбны не ЕС — яны ў інтарэсах беларускага народа", — заявіў Э.Райхель.

Прадстаўнік МЗС Германіі звярнуў увагу на тое, што Брусель не прымушае Беларусь рабіць выбар паміж ЕС і Расіяй: "Мы не бачым супярэчнасці ў намеры беларускіх уладаў супрацоўнічаць з усімі сваімі суседзямі".


Дэпутат бундэстага, член камітэта па справах ЕС Міхаэль Лінк (Свабодная дэмакратычная партыя) зазначыў, што ў найбліжэйшыя пяць месяцаў беларускім уладам "неабходна пераходзіць ад абяцанняў да справы". "Беларусь — важная незалежная дзяржава, якая павінна стаць суб'ектам, а не аб'ектам міжнароднай палітыкі. Мы больш не можам дазволіць сабе марнаваць час", — заявіў М.Лінк.

У кастрычніку Еўрасаюз на паўгода прыпыніў візавыя санкцыі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і 35 іншых беларускіх чыноўнікаў.

БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі