Вы тут

МЗС Украіны назваў правакацыйнымі заявы Лукашэнкі пра лагеры баевікоў

Фота: УНІАН

Міністэрства замежных спраў Украіны выступіла з афіцыйным каментаром учорашніх словаў Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік Беларусі заявіў, быццам ва Украіне ёсць лагеры, дзе рыхтуюцца баевікі для засылкі ў Беларусь. 

"Выказванні кіраўніцтва Беларусі пра нібыта падрыхтоўку на тэрыторыі Украіны ўзброеных баевікоў не адпавядаюць рэчаіснасці, з'яўляюцца правакацыйнымі і шкодзяць развіццю добрасуседскіх адносін паміж Украінай і Беларуссю", — адзначаецца ў дакуменце МЗС Украіны.

Украінскі бок звяртае ўвагу, што "менавіта партнёр Беларусі па Саюзнай дзяржаве — Расійская Федэрацыя ў рамках гібрыднай агрэсіі развіла як на сваёй тэрыторыі, так і на акупаваных украінскіх землях цэлыя трэніровачныя лагеры для наймітаў і баевікоў". МЗС Украіны падкрэслівае, што Расія мэтанакіравана падрывае стабільнасць і бяспеку ў рэгіёне. 

"Мы гатовыя да шчыльнага міжнароднага супрацоўніцтва ў супрацьдзеянні любых праяваў тэрарызму, у тым ліку з Беларуссю", — гаворыцца ў афіцыйным каментары.