Мытныя абмежаванні супярэчаць указу прэзідэнта?

У адпаведнасці з тым, дзе вы працуеце, жывеце, колькі зарабляеце, колькі чалавек у вашай сям’і і як часта вы бываеце за мяжой мытнікі будуць вырашаць колькі і чаго вы можаце прывозіць з-за мяжы. Юрысты ж лічаць, што гэта супрацьзаконна. З 15 траўня на беларускай мытні пачнуць дзейнічаць распрацаваныя Дзяржаўным мытным камітэтам “Метадычныя рэкамендацыі па вызначэнні мэтавасці тавараў, якія перавозяцца праз мяжу фізычнымі асобамі”. Мэта гэтых “рэкамендацый” вызначыць і абмежаваць колькі і чаго можна правозіць людзям праз мяжу. Прычым, з улікам таго, наколькі часта чалавек у тое замежжа выязджае, складу яго сям’і, месца працы ці яго адсутнасці, месца жыхарства, блізкасці месца жыхарства да мяжы ды іншых акалічнасцяў.

Паводле распрацаваных мытнікамі “рэкамендацый”, адзін раз у два месяцы можна будзе правезці не больш за тры адзінкі аднаго наймення тавару, але не больш за 10 найменняў. Адзін раз у месяц - тры адзінкі аднаго віду, але не больш за тры наймення. Калі жа вы будзеце ездзіць за мяжу часцей, чым адзін раз на тыдзень, то зможаце правезці толькі адну адзінку і толькі аднаго наймення тавараў.

Еўрарадыё паспрабавала высветліць з дапамогай якіх тэхнічных сродкаў мытнікі будуць весці кантроль за колькасцю ўвезенага тавару асобным чалавекам.

Па словах супрацоўніцы аддзела арганізацыі мытнага кантролю памежнага пераходу “Заходні Буг”, ніякіх новых дэкларацый, куды неабходна будзе заносіць кожны раз што вы ўвозіце і што вывозіце, уводзіць не будуць. Не будуць пералік увезенага і ўносіць, да прыкладу, у камп’ютар. Прымацца рашэнне ці прапускаць вас з вашымі рэчамі праз мяжу будзе мытнік. Ён папярэдне ўласнаручна пералічыць тавар ды праверыць як часта вы ездзіце за мяжу.

“Заходні Буг”: “Як можна ўпэўніцца ў наяўнасці і колькасці тавару калі асабіста не прагледзіць яго?! Вы можаце прапанаваць нейкі іншы варыянт? Усё залежыць ад таго, як часта вы перасякаеце мяжу. Калі вы ездзіце раз на месяц, то вы можаце правозіць 5 найменняў тавараў і кожнага наймення не больш за 3 адзінкі. А калі раз на паўгода, то ніякіх абмежаванняў увогуле не ўстаноўлена”.

Супрацоўніца мытні кажа, што калі вы будзеце везці, да прыкладу, замест 3 пар абутку – чатыры, вас могуць папрасіць вернуць іх у краіну набыцця. Але хутчэй за ўсё, кажа яна, абыйдзецца без канфлікту і вас прапусцяць.

“Заходні Буг”: “Я не ведаю – з-за адной лішняй пары наўрад ці будуць якія праблемы. Але гэтыя рэкамендацыі пакуль не ўступілі ў сілу, таму пакуль цяжка казаць, як яны будуць ажыццяўляцца”.

Пацікавілася Еўрарадыё ці не здарыцца такога, што падчас вяртання з-за мяжы ў пералік рэчаў, якія ўвозяцца, патрапяць і тыя, якія вы бралі з сабой, выпраўляючыся ў падарожжа. Але намеснік начальніка мытні памежнага пераходу “Брузгі” Ігар Лаўрыненка, кажа, што такія асабістыя рэчы ўлічвацца пры падліку тавараў не будуць.

Ігар Лаўрыненка: “Вашы рэчы асабістыя ніхто ніколі абмяжоўваць у перасоўванні не будзе”.

І супрацоўніца мытні “Заходні Буг”, і намеснік начальніка мытні “Брузгі” пад час размовы з Еўрарадыё падкрэслівалі, што рэкамендацыі распрацаваныя ў межах указу прэзідэнта № 503 ад 15 кастрычніка 2007 года. Але колькі Еўрарадыё не шукала ў тым указе слоў пра тое, колькі, да прыкладу, можна правесці джынсаў бацьку траіх дзяцей, які працуе на будоўлі і гэта была яго другая паездка за мяжу ў месяц, ды так і не знайшло. Не знайшоў адпаведнасці прэзідэнцкаму ўказу распрацаваных мытнікамі рэкамендацый і былы суддзя Канстытуцыйнага суда Валеры Фадзееў.

Валеры Фадзееў: “Правілы перамяшчэння тавараў праз мяжу зацвержаныя ўказам прэзідэнта. Там ёсць агульна колькі ты можаш правесці – агульная сума і агульная вага абазначана. А вось што тычыцца па колькасці, па штуках і г.д., то такога я штосьці не памятаю. Там вызначаецца – гэта для асабістага карыстання ці не. Але такіх абмежаванняў на два ці тры найменні, я не ведаю адкуль гэта вынікае”.

Больш таго, на думку былога суддзі КС распрацаваныя мытнікамі рэкамендацыі не адпавядаюць дзейнічаючаму ўказу прэзідэнта.

Валеры Фадзееў: “Калі ёсць указ прэзідэнта, то нейкія падзаконныя акты альбо рашэнні павінны адпавядаць гэтаму ўказу. А тое, што яны зараз прыдумалі, я не ведаю, адкуль гэта бярэцца. Я нават не зразумеў – гэты будзе нейкі акт мытнага камітэту ці гэта будзе нейкае ўказанне? Мне падаецца, тут ёсць праблемы”.

Чыноўнікі мытнага камітэту кажуць, што такім чынам яны нібыта ўзмоцняць кантроль за людзьмі, якія незаконна ўвозяць у краіну тавар для камерцыйных мэтаў, выкарыстоўваючы дапушчальныя квоты на бяспошлінны ўвоз грузу. Але гэта ўсё адно не тлумачыць, чаму закон дазваляе завезці 35 кг грузу на суму не больш за адну тысячу еўра, а мытня ўводзіць кантроль.

Еўрарадыё паспрабавала даведацца ў Дзяржаўным мытным камітэце, ці не трэба будзе зараз акрамя пашпарту браць з сабой ў дарогу даведку з месца працы, месца жыхарства, аб прыбытку, складзе сям’і і г.д. Інакш, якім чынам мытнікі будуць правяраць, ці праўду кажа ім чалавек, даводзячы пра свае правы везці больш за астаніх штаноў ды шкарпэтак? Але кіраўнік прэс-службы мытнага камітэту Уладзімір Пехцераў параіў Еўрарадыё напісаць афіцыйны зварот, і цягам месяца мы атрымаем адказ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі