Мытня возьме лішнія 100 еўра за кожную машыну

У пятніцу, 12 траўня, з’явіліся першыя паведамленні, што ў хуткім часе могуць павысіцца мытныя пошліны на ўвоз аўтамабіляў. У той жа дзень карэспандэнт “Еўрарадыё” звярнуўся па ўдакладненні ў прэс-службу Дзяржаўнага мытнага камітэта. Кіраўнік службы Уладзімір Песцераў адмовіўся ад каментароў.
Адзінае заўважыў, што ў яго ніякіх афіцыйных звестак на гэты конт няма.
Не верыла ў павышэнне пошлін і генеральны дырэктар Беларускай
аўтамабільнай асацыяцыі Людміла Шабанава. Але ўжо ў панядзелак намеснік
старшыні ДМК Уладзімір Гошын пацвердзіў – прапанова павысіць пошліны з
1 ліпеня на 5 еўрацэнтаў падрыхтавана іх камітэтам.

Такія паводзіны дзяржаўных чыноўнікаў не здзівілі рэдактара газеты “Аўта-бізнес” Змітра Навіцкага.

Зміцер Навіцкі
: “Сітуацыя стандартная і абыгрывалася ўжо некалькі
разоў. Спачатку пускаецца чутка, што пошліны ўздымуцца моцна і рэзка.
Усе пачынаюць купляць і прадаваць машыны. Грошай у бюджэт паступае
больш. А потым аб’яўляецца пра павышэнне нязначнае – на 100, 200, 300
еўра. На фоне першых чутак усе гэтаму радуюцца і гавораць аб тым, што
мы жывем у выдатнай краіне”.

Сёння мытная пошліна на ўвоз аўтамабіля, не старэйшага за 3 гады і з
аб’ёмам рухавіка да 1500 кубічных сантыметраў, складае 0,6 еўра за
кубік. Ад 1500 да 2500 кубічных сантыметраў – 0,7 еўра. Звыш 2500
кубікаў – 0,75 еўра. Аўтамабілі ўзростам ад 3 да 10 гадоў каштуюць
0,35, 0,4 і 0,6 еўра за кубічны сантыметр, адпаведна. Мытная пошліна на
машыны, з моманту выпуску якіх прайшло ад 10 да 14 гадоў, складае 0,75
еўра. Старэйшых за 14 гадоў – 2 еўра за кубік. Усё гэта пры ўмове, што
ўвозіцца першы аўтамабіль на працягу года.

Згодна з паведамленнем агенцтва “Інтэрфакс”, якое спасылаецца на
намесніка старшыні мытнага камітэта Уладзіміра Гошына, 5 еўрацентаў
даплюсоўваюцца да ўжо існуючых мытных спагнанняў. Такім чынам,
аўтамабіль з рухавіком аб’ёмам 1,6 літра падаражэе на 80 еўра, 1,8
літраў – на 90, а 2 літра – на 100 еўра.

Пракаментаваць прапанову мытнага камітэта Савету міністраў павысіць
пошліну кіраўнік прэс-службы ДМК Уладзімір Песцяраў адмовіўся і ў
панядзелак, 15 траўня.


Уладзімір Песцераў
: “Мы гэтую навіну не каментуем. Вось як яна ёсць, так мы яе і падалі. Мы не збіраемся развіваць гэтую тэму”.

Прадаўцы аўтамабіляў успрынялі навіну па-рознаму. Адміністратар
“Таёта-Мінск цэнтра” Вольга Ціханава гаворыць пра заўтрашні дзень
спакойна.


Вольга Ціханава
: “Нашы цэны, безумоўна, павысяцца. Але ўжо зараз у
дамовы ўносіцца пункт аб магчымым павышэнні кошту аўтамабіля”.


Але яна ўпэўненая, што колькасць пакупнікоў у іх цэнтры не зменшыцца.

Па словах Сяргея, які гандлюе аўтамабілямі на адным з мінскіх рынкаў,
яго калегі сустрэлі навіну не так спакойна. Яны таксама спадзяюцца, што
падаражанне не паўплывае на жаданне людзей набыць “жалезнага каня”.

Куды больш іх палохаюць намеры ўрада збіраць у Беларусі кітайскія альбо
ірацкія аўто. У гэтым выпадку павышэнне мытных пошлін будзе больш
сур’ёзнае. Беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі казаў, што такі аўтамабіль
будзе каштаваць каля 6-7 тысяч долараў. Ці не ўзнімуцца кошты на
патрыманыя аўтамабілі на рынку да гэтага ўзроўню?

Пазіцыю як аўтааматараў, так і пакупнікоў на гэты конт патлумачыў рэдактар газеты “Аўта-бізнес” Зміцер Навіцкі.

Зміцер Навіцкі
: “Давайце выйдзем за Мінскую кальцавую, дойдзем да
бліжэйшай вёскі і спытаем у любога вяскоўца, што ён набудзе – новы
кітайскі аўтамабіль альбо дызельны PASSAT B3, на які нашы возьмуць
ліцэнзію, збяруць яго і ён будзе каштаваць тых жа грошай? Любы адкажа,
што бярэ PASSAT. Таму што гэта нармальны беларускі народны аўтамабіль.

Калі ў нас будуць выпускаць гэтыя PASSATы, тады можна гаварыць аб
павышэнні мытных пошлін. А зараз, калі нам не трэба абараняць мясцовага
вытворцу, размова ідзе толькі аб паступленнях у бюджэт. Калі ні з
пушчы, ні з поля пачынаюць уздымаць пошліны, узнікае пытанне: “А чаму?”

Фота — photo.bymedia.net